Польскія нацыяналісты ў Вільні спявалі пра “Гродна польскае, а не чужое”

У суботу 26 студзеня Саюз палякаў у Літве арганізаваў канцэрт з нагоды 150-годдзя пачатку паўстання 1863 года. На канцэрт адмыслова з Польшчы прыехала каля 140 маладзёнаў – сябраў правых арганізацый Młodzież Wszechpolska i Stowarzyszenie Marsz Niepodległości.

 

Вакаліст аднаго з гуртоў – хіп-хоп калектыва Zjednoczony Ursynów – абражаў са сцэны прэм’ера Польшчы Дональда Туска, крычаў крычалкі футбольных фанатаў ды сказаў, што “у будучыні Вільня, Львоў і Гродна будуць польскія, а не чужынскія”. Гурт, як кажуць самі музыкі, выконае “патрыятычны рэп”.

 

Пасля таго, як інфармацыю пра канцэрт апублікавала польская рэдакцыя партала Delfi.lt, непаліткарэктныя выказванні рэпера сталіся тэмай дыскусіі, у якой прыйшлося прыняць удзел нават дэпутату літоўскага Сойму ад польскай меншасці Міхалу Мацкевічу. Расійскае інфармацыйнае агенцтва “Росбалт” дык наогул распаўсюдзіла інфармацыю з загалоўкам “Поляки хотят забрать Вильнюс, Львов и Гродно”.

 

На здымках з канцэрта, сярод характэрнай публікі бачныя асобы з сімволікай нацыяналістычнай арганізацыі ONR на вопратцы:

 

Віленскі журналіст і публіцыст Станіслаў Тарасевіч у каментары для pl.delfi.lt звяртае ўвагу на тое, што і іншыя гурты-удзельнікі канцэрта падазрона блізка звязаныя з ультраправым палітычным накірункам. Ён называе суботні выступ у Вільні не інакш як правакацыяй, з мэтай закрануць балючую тэматыку ў літоўска-польскіх адносінах. “Мне не абыякава, якім чынам мы будзем святкаваць чарговыя гадавіны з гісторыі нашых народаў”, – піша Тарасевіч.

 

Здымкі Ryszard Rotkiewicz, pl.delfi.lt