У Гродне ўсталявалі энергазберагальныя ліхтары
Дзякуючы сучаснай светладыёднай падсветцы ў Гродне палепшыліся ўмовы бачнасці для пешаходаў і кіроўцаў у цёмны час сутак.
Выдаткі гарадскога бюджэту склалі 44,9 млн. рублёў. Са сродкаў праекта прыгранічнага супрацоўніцтва Еўрасаюза на гарадзенскія ліхтары выдзелена 404,02 млн. рублёў, або 38 478 еўра.
Агульны бюджэт праекта – 237 514 еўра. Доля гранта Еўрапейскага саюза – 213 739 еўра, што складае 90% ад агульнага праектнага бюджэта.
За кошт новых тэхналогій гарадскія ўлады разлічваюць зэканоміць на асвятленні аднаго з самых ажыўленых праспектаў, зрабіць больш бяспечным навакольнае асяроддзе і палепшыць знешні выгляд горада.
Розніца ў асвятленні традыцыйнага (злева) і светадыёднага ліхтара (справа)
Па словах начальніка вытворча-тэхнічнага аддзела прадпрыемства сродкаў дыспетчарскага і тэхналагічнага кіравання (ПСДТУ) “Гроднаэнерга” Віталя Фукса, рана ці позна ўсё гарадское асвятленне пяройдзе на светладыёдныя лямпы.
align=”left” alt=”Віталь Фукс, Гроднаэнерга” >“Паляпшаецца якасць святла для чалавечага вока, таму што пры святле лямпы ДНаТ чалавек не адрознівае 80% колераў. Можна сказаць, што пры такім святле ўсе людзі становяцца дальтонікамі. Цяпер такім жоўтым святлом асвятляецца 90% горада.
Аднак ёсць у светладыёдных лямп адзін мінус – іх высокі кошт. Хаця цана адзінкі святла ад светладыёда з кожным годам ужо ўпэўнена ідзе ўніз.
Калі 10 гадоў таму гэты кошт адрознівалася ў 100 разоў ад іншых крыніц святла, то сёння гэта 5-7 разоў. Праз гадоў пяць яны наблізяцца па кошце да астатніх больш танных крыніц”.
У сусветнай практыцы лямпы на парах ртуці яшчэ шырока распаўсюджаныя і выкарыстоўваюцца там, дзе няма масавай колькасці людзей і рэкламы.
“У цэнтры еўрапейскіх гарадоў лямпаў ДНаТ і ДРЛ вы ўжо не ўбачыце, – працягвае спадар Віталь. – Хутка ім застанецца месца толькі на чыгуначных перагонах і ў тунэлях”.
Энергазберагальнае асвятленне ў Гродне – вынік завяршэння праекта “Эканомная энергетыка як ключ да стабілізацыі кліматычных зменаў”, які фінансуецца па лініі Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва “Латвія-Літва-Беларусь”.
У праекце ўдзельнічалі Друскеніцкая муніцыпальная адміністрацыя і Гродзенскі гарвыканкам.
Здымкі grodno.gov.by, Віталя Фукса і аўтаркі