Анджэй Пачобут прызнаны грамадскім лідарам года

|

Гэта першы гарадзенскі грамадскі актывіст, які атрымаў прэмію ад Асамблеі няўрадавых дэмакратычных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў.

 

“Дзякуй Асамблеі, што заўважыла маю працу як журналіста. Любому чалавеку, калі яго працу заўважаюць і заўважаюць у станоўчым сэнсе, гэта безумоўна прыемна, – сказаў падчас узнагароджання Анджэй.

 

Для мяне гэта была добрая навіна, улічваючы тое, што мінулы год не быў лёгкім. Я маю на ўвазе крымінальную справу і ўсе праблемы, якія былі выкліканыя маёй працай.

 

Але разам з тым на працягу года я заўсёды адчуваў падтрымку калегаў, сяброў, сваякоў, а таксама незнаёмых мне людзей.

 

Гэтая падтрымка, людская салідарнасць і ёсць тое, што дадае чалавеку сілы ва ўмовах аўтарытарнага грамадства, якое ўлада хоча падзяліць, каб чалавек быў асобна, нічога не ведаў і ўсяго баяўся. Гэта тое, што дае сілы, і тое, чаго зараз баіцца беларуская ўлада”.

 

Праз крымінальную справу Анджэй Пачобут не мае права выязджаць с горада. Узнагароду ад Асамблеі НДА ў Гродна прывез грамадскі актывіст Ілля Заранок. Афіцыйнае ж уручэнне прэмій ва ўсіх астатніх намінацыях адбылося 1 лютага ў Мінску.

 

Відэазварот Анджэя Пачобута, паказаны на ўручэнні прэмій у мінскай кнігарні ЛогвінаЎ 1 лютага 2013 года

 

Асамблея НДА – гэта найбуйнейшае ў Беларусі аб’яднанне няўрадавых дэмакратычных арганізацый і грамадзянскіх ініцыятыў, заснаванае ў 1997 годзе. У арганізацыю ўваходзяць каля 300 няўрадавых арганізацый з усёй краіны і розных сфер дзейнасці.

 

Прэміі ад Асамблеі ўручаюцца з 2009 года ў розных намінацыях: грамадскі лідар года, кампанія года, месца года, рэгістрацыя і нерэгістрацыя года, крэатыў года і г.д.

 

Пераможцы вызначаюцца сябрамі Працоўнай групы Асамблеі, якая складаецца з 60 прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый пры ўдзеле незалежных беларускіх экспэртаў.

 

Здымак з архіву “Твайго стылю”