“На нашых вачах некалькі кароў ледзь не сышлі ў лес”
Праверка закранула сельскагаспадарчыя прадпрыемствы Зэльвенскага і Ваўкавыскага раёнаў.
У ходзе маніторынгу былі правераныя СВК “Славацічы”, СВК “Матвееўцы”, ААТ “Хацькоўцы” і некалькі вясковых сем’яў, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы.
Па словах начальніка цэнтра прапаганды і навучання пры абласным упраўленні МНС Уладзіміра Маслава, па лініі МНС часцяком парушэнні адбываюцца з-за чалавечага фактару.
“Можна вылучыць і курэнне па-за ўстаноўленымі месцамі, і эксплуатацыю няспраўнага пячнога атаплення, і няведанне работнікамі парадку дзеянняў у выпадку ўзнікнення пажару.
Таксама на некаторых прадпрыемствах не арганізавана правільнае захоўванне сельскагаспадарчай тэхнікі, якая павінна захоўвацца пад дахам”.
Кіраўніцтву СВК “Славацічы” было ўказана на тое, што на тэрыторыі машыннага двара не забяспечана захаванасць рухомай маёмасці, гаручазмазачных матэрыялаў і мінеральных угнаенняў.
На думку галоўнага інжынера СВК “Славацічы” Аляксандра Клішчыца, з-за недахопу людзей і нізкай аплаты працы аднаму чалавеку на прадпрыемстве даводзіцца сумяшчаць некалькі пасад.
У канцы 2011 года кааператыў увайшоў у склад КУП “Гроднааблдарбуд” з запазычанасцю ў 12 мільярдаў рублёў. На сённяшні дзень прадпрыемствам-донарам у СВК набыты новыя аўтамабілі і пакладзены асфальт.
Як заўважыў начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства і законнасцю прававых актаў пракуратуры Гродзенскай вобласці Уладзімір Аляксандравіч Сымановіч, маніторынг паказаў і іншыя праблемныя месцы ў арганізацыях аграпрамысловага сектара.
“На малочна-таварнай ферме “Жарноўка” не забяспечваюцца правілы ўтрымання буйных рагатых жывёл. На нашых вачах некалькі кароў ледзь не сышлі ў лес. Цяляты стаяць у вадзе, вакол раскідана сена і не прыбраныя месцы для знаходжання жывёл. Няўзброеным вокам можна ўбачыць невыкананне санітарна-гігіенічных нормаў на прадпрыемстве”.
Ферма адносіцца да СПК “Матвеевцы”, які ў 2013 годзе плануецца далучыць да гродзенскага прадпрыемства “Біякам”.
Што датычыць выканання працоўнай дысцыпліны, намеснік старшыні па вытворчасці СВК “Матвееўцы” Міхаіл Саўчык распавёў пра тое, як на прадпрыемстве адсочваецца наведванне працоўных месцаў.
“Загадчыца фермы пастаянна дае справаздачу кіраўніцтву СВК: хто прыйшоў і хто не прыйшоў на працу. Мы адразу рэагуем. Намеснік старшыні і ўчастковы едуць дадому да людзей высвятляць прычыну іх адсутнасці: запіў чалавек ці ў яго нейкія праблемы. Мы ніколі не застаемся ў баку”.
Здымкі аўтаркі