Віталь Надзіеўскі: “Як гарадзенец я сачу і перажываю за сваю каманду”
Перш за ўсё хацелася б даведацца як вы маецеся? І як ідуць справы ў польскім футболе?
Пажываю я добра, разам з жонкай і сабакам набываем еўрапейскага досведу. Што тычыцца польскага футбола, то з прыходам новага прэзідэнта ў Федэрацыю польскага футбола звязваюцца вялікія надзеі ў развіцці і папулярызацыі гэтага спорту.
Вы, як дасведчаны паўабаронца, гралі ў добрых камандах беларускага чэмпіянату. Скажыце, ці моцна адрозніваецца ўзровень польскага футболу ў параўнанні з нашым? Ці задаволеныя вы сваёй камандай?
Узровень польскага футбола трохі адрозніваецца ад беларускага. Калі канкрэтней, то першая палова табліцы першай лігі не згубілася б у вышэйшай беларускай. Сваім цяперашнім клубам я цалкам задаволены, абстаноўка і адносіны схіляюць да самааддачы.
align=”middle” alt=”Віталь Надзіеўскі Виталий Надиевский” >
Віталь у шэрагах польскай “Алімпіі”
Ці сочыце за “Нёманам” і іх трансфернымi набыткамі? “Нёман” акурат адправіўся на збор у польскую Сакулку, ці ёсць жаданне сустрэцца з камандай?
Вядома, як ураджэнец Гродна я сачу за сваёй камандай, перажываю і балею за іх. Я б быў не супраць сустрэнецца, але мае жаданні не супадаюць з магчымасцямі. Па-першае, таму што я знаходжуся 400 км ад Сакулкi, а па-другое, я праходжу падрыхтоўку да другой паловы сезону.
Як часта бываеце ў Гродне? Сумуеце?
У Гродне я бываю даволі рэдка. Натуральна, сумую па дому, па родных, па сябрах, але пры дапамозе Скайпа неяк спраўляюся.
У вас ёсць яшчэ жаданне зайграць у Беларусі, а менавіта ў гарадзенскім “Нёмане”?
Адносна працягу маёй кар’еры ў Гродне, калі будуць мець патрэбу ў маіх паслугах, то буду рады дапамагчы роднаму клубу.
Дзмітрый Кавалёнак і Віталь Надзіеўскі, 2007 год
Апошняе пытанне. Што вы можаце сказаць па справе Дзмітрыя Кавалёнка, у якога не склаліся адносіны са старшынёй клуба Леанідам Дзмітраніцам. Вы ж таксама яго заспелі. Як пракаментуеце гэта?
Дзмітрый Кавалёнак, безумоўна, з’яўляецца адной са значных фігур цяперашняга гарадзенскага футбола, а таксама маім сябрам, так што мне цяжка судзіць аб’ектыўна.
Але мне здаецца, Дзіма яшчэ мог бы дапамагчы клубу ў гэтым сезоне. І я не думаю, што справа толькі ў адным Дзмітраніцы.
Карыстаючыся выпадкам, перадаю велізарнае прывітанне ўсім гарадзенскім заўзятарам, якія памятаюць мяне і якія заўсёды падтрымлівалі “Нёман”!
Здымкі прадстаўлены Віталём Надзіеўскім, а таксама sandecja.com.pl