Класіка атамнага жанру
Пра пачатак новага этапу на атамнай станцыі я даведаўся з астравецкай раённай газеты з красамоўнай назвай “Астравецкая праўда”. Там жа было надрукавана інтэрв’ю мясцовага карэспандэнта з акадэмікам Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, навуковым кіраўніком Інстытута энергетыкі НАН РБ Аляксандрам Аляксандравічам Міхалевічам.
О, гэты матэрыял, што называецца, класіка жанру! У нашым выпадку, атамнага жанру. Паважаны вучоны бясхітрасна расказвае, што спачатку ён быў супраць будаўніцтва станцыі на Астравеччыне. Яму здавалася, што для гэтай справы больш падыходзяць пляцоўкі на ўсходзе краіны.
Аднак у 2009 годзе ў Астраўцы прайшлі грамадскія слуханні па гэтай праблеме. Прамовы экспертаў нашага акадэміка не ўразілі. Тут на трыбуну адзін за адным падняліся мясцовыя настаўнік і механізатар. Людзі простых прафесій далі такога жару ўсім гэтым навукоўцам, што Аляксандр Міхалевіч у адно імгненне пераканаўся: АЭС трэба будаваць менавіта тут!
Вось як гэту метамарфозу абазначыў сам акадэмік:
align=”left” alt=”Аляксандр Міхалевіч, НАН РБ” >“Ёсць такое паняцце: культура ядзернай бяспекі. Гэта вельмі шырокае і глыбокае паняцце. Яно ўключае не толькі тэхніку, не толькі персанал атамнай станцыі, але і менталітэт тых людзей, якія пражываюць побач. Якія не дазволяць, каб нейкія (увага! – Ю.К.) авантурныя рашэнні прымаліся на гэтай станцыі.
Таму я лічу, што трэба верыць простым людзям. Я веру адносінам да справы вашых людзей. Мне не аднойчы даводзілася бываць у вашым раёне, і я ніколі не бачыў бяздзейных людзей. Усе займаюцца справай.
Таму я ўпэўнены ў правільнасці рашэння будаваць атамную станцыю ў Астравецкім раёне. Тут можа быць дасягнута высокая культура ядзернай бяспекі”.
Дык вось яно што! У Шклоўскім раёне, відаць, мноства лайдакоў, якія з раніцы п’юць і валяюцца пад плотам. Таму, пэўна, атамная навала і не затрымалася на іх зямлі. А на Астравеччыне людзі працавітыя, ім з гэтай прычыны і пашанцавала (ці наадварот).
Увогуле, як паважаны акадэмік уяўляе сабе кантроль ядзернай бяспекі на станцыі з боку мясцовых жыхароў? З боку простых людзей? Калі прытрымлівацца логікі вучонага, то на Чарнобыльскай АЭС катастрофа адбылася, відаць, таму, што прыбіральшчыца зарана пайшла дадому. Калі б яна засталася, то, пэўна, сказала б персаналу: “Штосьці мне, хлопцы, вашыя эксперыменты не падабаюцца”.
Нядаўна я размаўляў з гарадзенцам, які вахтавым метадам працуе на ўзвядзенні Астравецкай АЭС. Ён сказаў: “Неразбярыха там яшчэ тая. Дбайны гаспадар уласны хлеўчык лепш будуе. Але грошы больш-менш нармальныя, а што ў выніку атрымаецца – не мая справа”.
Здымкі novostienergetiki.ru і ostrovets.by