Следчы камітэт расследуе спробу падрыву “Польскага дома” ў Лідзе
11 снежня 2011 года жанчына-вартаўнік заўважыла выбліск святлакаля будынку і выклікала міліцыю.
Міліцыя знайшла невядомае прыстасаванне.
Першапачаткова крымінальная справа была распачатая па артыкуле “Хуліганства”, пасля перакваліфікаваная на ч.2 арт.218 (наўмыснае знішчэнне альбо пашкоджанне маёмасці, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам).
Тады зламыснікаў так і не знайшлі.
30 лістапада 2012 года Следчы камітэт атрымаў вынікі экспертызы рэчыва, што выклікала выбліск.
Гэта аказалася выбухоўка.
Таму распачалі новую крымінальную справу па ч.2 арт.295, які прадугледжвае пакаране за незаконны выраб, набыццё выбуховых рэчываў і прыстасаванняў.
Гаворка ідзе пра сумна вядомы “трыацэтонтрыпераксід”, які фігураваў у выбуховым прыстасаванні ў мінскім метро.
Паводле следства, невызначаная пакуль асоба, у невязначаным месцы ў нявызначаны час вырабіла і захоўвала выбуховае рэчыва, а таксама вырабіла з яго выкарыстаннем самаробнае выбуховае прыстасаванне і паспрабавала прывесці яго ў дзеянне 11 снежня 2011 года каля 03.40 у горадзе Лідзе па вул.Кірава, д.29.
Цяпер выбуховае прыстасаванне знаходзіцца на паўторнай экспертызе, каб высветліць, ці магло яно ўвогуле выбухнуць.
Афіцыйны прадстаўнік СК па Гродзенскай вобласці Сяргей Шэршэневіч заявіў, што “падставаў праводзіць паралелі паміж гэтай справай і якімі-небудзь іншымі справамі СК не бачыць”.
Пакуль невядомыя матывы лідскіх злаўмыснікаў, распачынаць справу па артыкуле “Тэрарызм” таксама няма падставаў.
Паводле http://www.ej.by
Здымак http://www.knews.kg