Спорт на Гарадзеншчыне: дзе шукаць выйсце з тупіку

|

Акрамя дасягненняў у гульнявых відах спорту на чэмпіянатах краіны, ганарыцца гарадзенцам няма чым, адзначыў намеснік міністра спорту і турызму Чэслаў Шульга на калегіі упраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму.

 

Выйсце з сітуацыі шукалі ўдзельнікі нарады.

 

Разлічваць на грошы ад дзяржавы не выпадае, іх давядзецца шукаць самім, затое ёсць неабходнасць у кадравых зменах і акцэнт трэба рабіць на маладых таленавітых трэнераў, – адзначыў Чэслаў Шульга.

Часта з 20-30 трэнераў у спартыўных школах вынік даюць максімум 3, а колькасць навучальна-спартыўных установаў з 2007 года скарацілася з 71 да 59.

 

Дырэктар вучылішча алімпійскага рэзерву Тадэвуш Калошыч адзначыў, што ўстанова мае адну з найгоршых спартовых баз у Беларусі, лёгкаатлетычны манеж чакае рэканструкцыі, у зале займаюцца па 8 трэнераў адначасова.

Аддзяленні, дзе няма добрых трэнераў (бадмінтон, мастацкая гімнастыка), ён прапанаваў увогуле зачыніць.

 

Трэнер па стральбе з луку Мікалай Шулейка ўпэўнены, што варта прызнаць свае памылкі.

У 70-80-ыя гады спартсмены вобласці паказвалі сур’ёзныя вынікі. І доўгі час Гарадзеншчына збірала плады ў садзе, які насадзілі папярэднікі, а цяпер плады скончыліся, і ўжо 6-7 гадоў мы – апошнія.

 

У той жа час на пляцоўкі спорткомплекса “Нёман” дзяцей не пускаюць.

Выйсце трэнер бачыць у вяртанні савецкай сістэмы падрыхтоўкі спартсменаў.

 

З ім не згадзіўся намеснік старшыні аблвыканкама Ігар Жук, які заявіў, што спартыўную сістэму, пабудаваную ў СССР ніхто не ламаў, але яна, магчыма, дае збоі.

 

Паводле яго, не ўсё так дрэнна:

Так, у нас няма медалёў на Алімпіядзе, высокіх дасягненняў. Але ў нашай вобласці самы высокі працэнт хлопцаў прызыўнога ўзросту, годных да вайсковай службы.

Значыць, у гэтым ёсць і вашая заслуга, працаўнікі спартыўнай сферы.
Дзякуючы заняткам спортам дзеці не цягаюцца па вуліцах, падае злачыннасць сярод непаўнагадовых.

 

Паводле http://perspektiva-info.by