Гарадзенцы першымі пабачаць настольную гульню “Паўстанцы”

Паглыбіцца ў атмасферу 1863 года і стаць удзельнікам гістарычных падзей можна будзе на прэзентацыі першай беларускай настольнай гульні “Паўстанцы”, якая адбудзецца 28 лютага ў галерэі “Крыга”.


Гульня пабудавана найперш на зносінах паміж людзьмі, абмеркаванні і выказванні сваёй пазіцыі. Падманваць, хлусіць, па-майстэрску блытаць прысутных ды бязлітасна забіваць суперніка – права кожнага ўдзельніка.

 

Ініцыятыва стварэння гульні належыць маладому гарадзенскаму паэту і празаіку Антосю Янкоўскаму і дызайнерцы Настассі Лукашковай.

 

На пытанне, як і з якой патрэбы ўзнікла ідэя стварэння гульні, аўтар Антось Янкоўскі кажа наступнае:

 

“Існуе вялікая колькасць разнастайных настольных гульняў, але аднойчы, аблазіўшы ўвесь інтэрнэт, расчараваліся: уласнай беларускай настольнай гульні няма. А падаецца, было бы цікава.


Аднойчы з’явілася ідэя “Паўстанцаў”. Напачатку, як жарт ды беларускі аналаг “Мафіі”, але, прадумаўшы беларускія правілы, атрымалі ў выніку зусім новую і цікавую гульню”.


Пачатак прэзентацыі а 18.00 у мастацкай галерэі “Крыга”.

 

Напярэдадні прэзентацыі арганізатары адмыслова стварылі віктарыну для аматараў гісторыі, дзе падарункам для пераможцы стане калода карт “Паўстанцы”!

Умовы віктарыны 

У гульні існуе 10 паўстанцаў – рэальных гістарычных асоб. Прапануем вам апазнаць іх па кароткім апісанні, што змешчаны ў картах. Пераможцам будзе той, хто першым дашле на электронны адрас vasha.svjata@gmail.com правільныя адказы.

 

Патрэбна даслаць спіс імён, якія будуць адпавядаць апісанню, пазначыць свае каардынаты, а таксама напісаць горад, на прэзентацыю ў якім вы можаце патрапіць. Такім чынам пераможцы будуць два – для Гродна, і для Мінска (2 сакавіка – прэзентацыя гульні ў Мінску).

 

Апісанні герояў:

 

1. Рэвалюцыянер-дэмакрат, мысляр, публіцыст, кіраўнік і духоўны лідар паўстання 1863 года на Беларусі і ў Літве. Быў публічна павешаны на плошчы Лукішкі ў Вільні.

 

2. Рэвалюцыйны дзеяч “чырвонага накірунку”. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў “Камітэта руху” ў Вільні, кіраваў атрадам у Магілёўскім ваяводстве. Узяты ў палон і пакараны смерцю.

 

3. Выдатны камандзір і стратэг. Кіраваў атрадам у Лідскім павеце. У маі 1863 года прызначаны галоўнакамандуючым паўстанцкіх войскаў. Загінуў у баі ля в.Дубічы.

 

4. Кіраваў рэвалюцыйнай арганізацыяй у Пецярбургу. У 1863 годзе кіраваў паўстанцкімі ўзброенымі сіламі Літвы. Паранены, узяты ў палон, павешаны ў Вільні.

 

5. Рэвалюцыянер-дэмакрат, бліжэйшы паплечнік Каліноўскага па Гарадзенскай арганізацыі, разам з ім выдаваў “Мужыцкую праўду”. У 1863 годзе баявы кіраўнік гарадзенскіх паўстанцаў.

 

6. Мастак і ілюстратар. Ваяваў у атрадзе Л.Нарбута. Зрабіў шмат ілюстрацый з паўстанцкага жыцця. Быў арыштаваны, але здолеў збегчы за мяжу.

 

7. Ліберальны памешчык, публіцыст, адзін з кіраўнікоў партыі “белых” на Літве і Беларусі. У 1863 годзе старшыня Аддзела кіраўніцтва правінцыямі Літвы. Арыштаваны, сасланы на катаргу.

 

8. Удзельнік студэнцкага руху ў Маскве і Пецярбургу. З лета 1863 года бліжэйшы памочнік Каліноўскага. Публічна расстраляны ў Вільні ў снежні 1863.

 

9. Ксёндз. Восенню 1863 года прызначаны арганізатарам паўстанцкіх узброеных сіл Ковенскага ваяводства. Павешаны публічна ў Коўне.

 

10. Інжынерны афіцэр, стваральнік арганізацыі “руху” ў Мінску. Увосень вайсковы начальнік Аўгустоўскага і Гарадзенскага ваяводства. Быў сасланы. 

 

Здымкі прадстаўлены аўтарамі гульні