Адкрылася “Сіла духоўнага песнапення”

|

Па словах загадчыцы аддзела мастацтва бібліятэкі Ліліі Леанідаўны Хадароўскай, гэта ўнікальная выстава, на якой сабраны нотныя выданні для розных хораў (ад дзіцячых да высокапрафесійных), гуказапісы духоўнай музыкі ў выкананні беларускіх і замежных хораў на пласцінках і дысках, кнігі аб тэхнічных асаблівасцях песнапенняў у дапамогу рэгентам, кнігі аб праваслаўных богаслужэннях з Х ст., каштоўныя мастацкія альбомы па праваслаўным іканапісе.

 

На выставе можна пабачыць і ўнікальныя памятнікі духоўнай культуры, факсімільныя выданні “Житие блаженной Евфросинии, игумении монастыря во граде Полоцке” (XII ст.) ды “Слуцкае Евангелле” (XVI ст.).

 

Спадарыня Хадароўская адзначае, што духоўная літаратура карыстаецца вялікім попытам на працягу ўсяго года. Настаўнікі ды выхавацелі ўжываюць яе для падрыхтоўкі ўрокаў і заняткаў маральнасці і духоўнасці, для правядзення святаў у школах і садках. Супрацоўніцтва вядзецца і з хорамі духоўнай музыкі.

 

Арганізатары выставы прадстаўляюць магчымасць паслухаць запісы духоўнай музыкі ў бібліятэцы, зрабіць адлічбоўку аўдыёзапісаў, зрабіць ксеракопіі нотаў ці ўзяць іх дадому.

 

Выстава працягнецца да 15 сакавіка.