Позірк на сусвет з Астраўца. Ці будзе працяг?
Вы толькі ўявіце сабе, жыхары Астравеччыны з мясцовага выдання маглі даведацца не толькі пра падзеі ў родным раёне, але і пра многае, што адбывалася ў свеце. Вёў рубрыку пастаянны аўтар – журналіст Эдуард Свірыд (на здымку). Відаць, у дзяцінстве ён марыў пра кар’еру карэспандэнта-міжнародніка. Прайшлі гады, і дзіцячыя летуценні ажыццявіліся вось такім чынам.
Эдуард Свірыд ахопліваў сваім позіркак ледзь не ўсе кантыненты, пісаў пра Амерыку і пра Еўропу. Не абыходзіў вострых вуглоў, мог смела пакрытыкаваць польскі ўрад, або рашуча “даць адлуп” якому-небудзь высокаму еўрапейскаму чыноўніку. Нават расійскаму ўладнаму тандэму не саромеўся выказаць праўду ў вочы.
Адкрыем наўгад адзін з матэрыялаў астравецкага “міжнароднага агляду”. Э. Свірыд піша:
“Змянілася кіраўніцтва Еўрапейскага парламента. Замест Ежы Бузека, вядомага сваімі гучнымі заявамі па Беларусі, спікерам заканадаўчага органа Еўрапейскага саюза быў “абраны” еўрадэпутат ад Германіі Марцін Шульц. Бяром абранне ў двукоссе, таму што нават самі дэпутаты Еўрапарламента прызнаюць досыць фармальны характар гэтай палітычнай ракіроўкі”.
Сапраўды, мы ж ведаем, як усё гэта ў Еўропе адбываецца. У нас бы павучыліся, як выбары праводзіць ды галасы лічыць. А вось якія радкі прысвяціў астравецкі аўтар Літве:
“У краіне скараціліся выдаткі на зарплаты і пенсіі, вырас узровень беспрацоўя, атрымала шырокую практыку эміграцыя – у першую чаргу моладзі – у краіны Еўрасаюза, што балюча адбілася на нацыянальных пачуццях патрыятычна настроеных жыхароў Літвы”.
Канешне, Літва – наша добрая суседка, можна было б выказацца крыху мякчэй. Аднак навошта? Хай ведаюць пра сябе горкую праўду.
Вось такія змястоўныя і глыбока аналітычныя матэрыялы гадамі з’яўляліся на старонках “Астравецкай праўды”. Адзначу, што Эдуард Свірыд у Астраўцы не толькі міжнародны аглядальнік, але яшчэ і галоўны “атамны салавей”, узначальвае групу інфармацыі, якая прапагандуе будаўніцтва Астравецкай АЭС.
Напэўна, не заўсёды хапала часу, таму ў “Тыдні postfactum” траплялі пэўныя недакладнасці. Возьмем, да прыкладу, такую цытату:
“Мы хутчэй перажывем адсутнасць у магазіне хлеба і малака, чым пагодзімся на дэфіцыт у абменніках замежнай валюты. Ведаючы такую амаль што агульнанацыянальную заклапочанасць замежнай валютай, нячыстыя на руку зламыснікі час ад часу актыўна гэтым карыстаюцца. Тэхналогія, трэба сказаць, не новая і добра выпрабаваная. Яе вынаходніцтва прыпісваюць сумнавядомаму Джорджу Форасу”.
І хто гэта ўвогуле такі, Джордж Форас? Можа, аўтар хацеў напісаць пра сумнавядомы Фарос (ёсць такі населены пункт у Крыме)? Дарэчы, гэты таемны Джордж Форас упамінаецца ў апошнім міжнародным аглядзе Свірыда, якім амаль цалкам прысвечаны грашовай праблеме. Аўтар вельмі слушна заўважае:
“У Расіі пытанне аб вартасці тавару ў доларах ці еўра прыводзіць субяседніка ў стан лёгкага ступару, нібы яго спыталі аб цане, выражанай у нейкіх тугрыках. У нас жа любы першакласнік без праблем суаднясе рубель з доларам, а долар з еўра. А расіяне ж, як і беларусы, неаднойчы перажывалі дэвальвацыю. І нічога, не шалеюць ад гэтага па замежнай валюце, як гэта робім мы!”
Сапраўды, чаму беларусы так нядбайна адносяцца да сваіх грошай? Ад гэтага пытання на нейкі час упадаеш у лёгкі ступар. Відаць, гэта нейкая наша нацыянальная асаблівасць.
Вось на такой шчымлівай ноце і закончыўся гэты незвычайны астравецкі медыа-праект (нічога падобнага няма ні ў якай іншай беларускай раёнцы). Неяк раней я пазваніў рэдактарцы “Астравецкай праўды” Ніне Рыбік і пацікавіўся ў яе, як яна сама адносіцца да такой неардынарнай з’явы ў газеце. “Чаму б і не, – пачуў у адказ, – у чалавека ёсць талент і жаданне, хай піша”.
Спадзяюся, што міжнародныя агляды яшчэ вернуцца ў астравецкую “раёнку”. Я заўсёды з цікавасцю чытаў гэтыя матэрыялы. Падымала настрой.
Здымак dzyannica.by