“Каложскі дабравест”: самыя цікавыя выступы
Больш за 800 выступоўцаў з Беларусі, Украіны, Польшчы, Літвы, Расіі, Сербіі, Румыніі і Францыі ўзялі ўдзел у фінальных днях музычнага конкурсу. Падчас прывітальнага слова на гала-канцэрце 3 сакавіка дырэктар фестываля Уладзімір Лябецкі адзначыў, што ў гэтым годзе ўсе каштоўныя падарункі пераможцам фестываля у 8 катэгорыях падрыхтавала Гродзенская праваслаўная епархія, хоць музычны конкурс ладзіцца сумесна з гродзенскім аблвыканкамам. Ён дадаў, што ўладальнік Гран-пры фестываля ў якасці прыза атрымаў ноут-бук.
Спевы пераможцаў – хору студэнтаў Маскоўскай кансерваторыі – адкрывалі гала-канцэрт у драмтэатры.
Націснуўшы на гузік на здымку, можна праслухаць выступ пераможцаў фестываля.
<
Спецыяльны прыз журы атрымаў хор царкоўных спевакоў стараверскіх прыходаў Сібіры. 2 сакавіка хор выступіў з асобным канцэртам у Новым замку. Багатыя мужчынскія галасы з асаблівымі тэмбрамі і старажытныя праваслаўныя спевы гарадзенцы ўспрынялі з бурнымі авацыямі. Пасля таго, як сібіракі адспявалі складаны канцэрт, гарадзенцы апладысментамі прымусілі пеўчых праспяваць яшчэ некалькі твораў.
Націснуўшы на гузік на здымку, можна праслухаць выступ.
Дыплом ІІ ступені ў катэгорыі “Калектывы свецкіх установаў” атрымаў фальклорны калектыў “Многая лета” Кіеўскага нацыянальнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў. Ансамбль мае невялікі склад, але моцныя галасы ствараюць уражанне вялікага калектыву. І манерай выканання, і знешнім выглядам – у аўтэнтычных нацыянальных украінскіх строях – яны вылучаліся сярод выступоўцаў “Каложскага дабравесту”. Нашую ўвагу прыцягнуў малітоўны спеў “Ойча наш” у музычным варыянце адной з вёсак Кіеўшчыны.
Мужчынскі хор факультэта праваслаўнага багаслоўя ўніверсітэта Арад з Румыніі быў адзіным, хто скарыстаў падчас выступу музычны інструмент. Ды і той быў вельмі незвычайным – ударны інстумент нагадваў вузкае драўлянае вясло, па якім музыка б’іў драўляным малаточкам. Калектыў атрымаў І месца ў катэгорыі “Хор святароў і духоўных школ”.
З поўным спісам усіх пераможцаў “Каложскага дабравесту” можна пазнаёміцца на сайце Гродзенскай праваслаўнай епархіі.
Здымкі prosto-free.livejournal.com/, rpsc.ru