Шаснаццаць ворагаў… і нават на роварах!
Удзельнікі сходу разыходзіліся крыху ашаломленыя прамовай кіраўніка вобласці. Высокі госць не стаў гаварыць абцякальнымі фразамі, а сказаў так, як ёсць.
Маўляў, папярэдні рэктар сышоў са свайго паста, бо перастаў задавальняць абласное кіраўніцтва з ідэалагічных прычын. Больш за тое, ва ўніверсітэце выяўлена 16 чалавек, якія быццам бы заклікалі змяніць дзеючую ўладу!
Гэтыя людзі не проста гаварылі, што яны не задаволены сённяшняй палітыкай у краіне, яны яшчэ час ад часу дзесьці пляскалі ў далоні. Мала таго, частка з іх спецыяльна набыла ровары, і на гэтых роварах ехала ў дазоры і папярэджвала тых, хто ішоў ззаду і пляскаў у далоні, дзе знаходзіцца міліцыя!
Хадзілі таксама чуткі, што як толькі дачка Шапіры паступіла на юрфак, дык там адразу зрабілі доўгачаканы рамонт. Але гэта не проста чуткі, гэта паклёп на ўсю нашу рэчаіснасць! Аднак, адпаведныя органы быццам бы ўжо знайшлі таго, хто распаўсюджваў паклёпніцкія звесткі.
Старшыня аблвыканкама шчыра прызнаўся аўдыторыі, што ўважліва чытае зводкі КДБ, якія кладуцца яму на стол. Там гаворыцца пра ўсё! Вось быў пэўны выкладчык ва ўніверсітэце, дык да чаго дадумаўся: выдаў кніжку за мяжой! А так нельга, таму і прыйшлося з ім развітацца.
Рэктар Роўба, які быў вызвалены са сваёй пасады, падняўся і сказаў, што ён “як мог, так і служыў”.
Вось такія цікавыя дэталі сённяшняга ўніверсітэцкага мерапрыемства запомніліся аднаму з яго ўдзельнікаў, які, не губляючы часу, падзяліўся імі з “Тваім стылем”.
ДАВЕДКА “ТС”:
Чуткі пра хуткую адстаўку рэктара Роўбы з’явіліся яшчэ восенню мінулага года. Тады, акрамя версіі пра “ідэалагічны скандал” вакол падручніка Гродназнаўства ды прэсінгу выкладчыкаў, папулярнай, у прыватных размовах, прычынай называўся неадэкватны рост коштаў навучання ў ГрДУ. |
||