Куплю валасы дорага
Кампаній і інтэрнэт-крамаў па куплі-продажу валасоў шмат.
Колькі каштуюць валасы?
Наталля, агент па закупках і адначасова прыёмшчык валасоў мінскай фірмы “Good Hair” паведаміла, што кошт валасоў залежыць ад іх даўжыні і якасці. Натуральныя нефарбаваныя валасы 30-35 см каштуюць 30 тысяч рублёў за 100 грам. Прыкладна столькі і важаць доўгія валасы аднаго чалавека.
Дзвесце тысяч рублёў заплацяць за 100 грам метровых валасоў. Спадарыня Наталля прыгадала, што падчас сваёй працы тры разы прымала валасы даўжэй за 100 см. Выдатны стан тавару дадае яшчэ 50% прыбытку. Сівыя і фарбаваныя валасы прымаюцца ад 40 см і каштуюць 45 тысяч рублёў.
У інтэрнэт-крамах кошты на славянскія натуральныя валасы даходзяць да 15 даляраў за 100 грамаў.
Хто прыходзіць здаваць валасы?
Здаюць валасы розныя людзі: пенсіянеркі, якія абрэзалі косы ў маладосці і прыхоўвалі дагэтуль, школьніцы і маладыя дзяўчыны, якія эксперыментуюць з выглядам і змяняюць імідж, часам – людзі, якія знайшлі пучок у хаце і спрабуюць выменяць яго на моцныя напоі, ды… мужчыны і хлапцы перад арміяй. За дзень здаць валасы прыходзяць у лепшым выпадку дзесяць чалавек.
Як праходзіць працэс гандлю валасамі?
Валасы можна прынесці ўжо абрэзаныя, ці пастрыгчы на месцы ў парыкмахерскай. У апошнім выпадку часам прапаноўваецца акцыя – бясплатная мадэльная стрыжка.
Спецыяліст адбірае патрэбныя валасы па якасці і даўжыні. Здараецца, што хітруны ўплятаюць кароткія валасы ў доўгую касу, каб больш зарабіць, ды і казуркі ў валасах сустракаюцца.
Неадпаведную рэшту валасяной масы прыёмшчык вяртае гаспадару. Тое, што засталося, важыцца, і адбываецца абмен валасоў на грошы. Ананімна здаць валасы нельга. Патрэбна паведаміць свае асноўныя дадзеныя – для інспекцыі па падатках, але падатак з “прадаўцоў” у гэтым выпадку не бярэцца.
Які шлях праходзіць далей пучок валасоў?
Далей адбываецца апрацоўка: валасы мыюць, дэзінфекуюць, расчэсваюць, фарбуюць. Канцавы прадукт – парыкі, шыньёны, косы, завіткі, накладныя пасмы – дадаткова пастрыгаюцца. Падчас апрацоўкі губляецца каля 40% першапачатковай масы валос.
Валасы 30-35 см лічацца ў гэтай вытворчасці кароткімі – з іх магчыма зрабіць толькі чубок ці бакенбарды. Міфы аб выкарыстанні чалавечых валасоў для музычных інструмантаў ці набівання падушак застаюцца толькі міфамі.
Гатовыя парыкі ў інтэрнэт-крамах у сярэднім каштуюць 20-30 даляраў.
Здымкі аўтаркі