“Я ведаў гэты мульцік, калі нарадзіўся”

|

Ілюстрацыі прадставіла дачка мастака Катаржына Мілер. Сама яна на адкрыцці не прысутнічала.

 

 

Спадарыня Гана Елінкова, загадчыца консульскага аддзела амбасады Чэхіі ў Мінску, адзначыла, што “Кроцік” праславіў Чэхію на ўвесь свет. Яна расказала кароткую гісторыю мультфільма.

 

Першая серыя выйшла ў 1957 годзе і заваявала Венецыянскага “Залатога ільва”. Да 2000 года выйшла каля 50 серый. Яго пабачылі ў 80 краінах. Маленькі герой ажыццявіў нават падарожжа ў космас – фігурку Кроціка ўзяў на борт чэскі астранаўт у 2011 годзе. У гэтым жа 2011-ым ва ўзросце дзевяноста год памёр “бацька” Кроціка – мастак з сэрцам дзіцяці.

 

“Мы думалі, што гэты мульцік быў створаны ў нашым дзяцінстве, – падзівілася маладая спадарыня Ксенія Янкоўская, галоўны спецыяліст аддзела культуры Гродзенскага гарвыканкама, – а аказваецца, што ён з’явіўся значна раней”.

Другая злева – сп. Елінкова са сваімі дзецьмі, далей – Ірына Сільвановіч, дырэктарка выставачнай залы, і Ксенія Янкоўская, галоўны спецыяліст аддзела культуры гарвыканкама

 

Пасля першай серыі Здэнэк Мілер захацеў, каб “Кроціка” разумелі дзеці ўсяго свету – і зрабіў мульцік бязмоўным. Агучвалі анімацыю малыя дочкі Мілера – смехам, плачам, уздыхамі, войканнямі ды ўсклікамі. Як прызнаваўся аўтар, ён запісваў дачок у моманты эмоцый і ніколі пазней не знайшоў лепшых інтанацый для агучвання.

 

“Я глядзеў, як Кроцік здзіўляўся”, – узгадаў эпізод з мульціка шасцігадовы Цёма.

 

Муж сп. Елінковай з малодшай дачкой разглядаюць Кроціка

 

На выставу прыйшло шмат дзяцей рознага ўзросту, а спадарыня консул была з усёй сям’ёй. Былі і старэйшыя людзі.

 

 

Аб бясслоўнай анімацыі нібы не атрымлівалася сказаць шмат. Гледачы апісвалі Кротыка пераважна дзіцячымі простымі “вясёлы” ды “добры”. Пасля пытання “За што Вам падабаецца гэты мульцік?” твары іх лагаднелі, ці то ад успамінаў дзяцінства, ці то ад здзіўлення: “Навошта пытацца аб відавочным?”.

 

Спадарыня Гана Елінкова сказала, што любіць Кроціка за адкрытае сэрца і здольнасць пераадольваць цяжкасці.

 

 

Спадарыня Вікторыя, супрацоўнік дзіцячай мастацкай школы, сказала, што гэта першы мульцік, які яны паказалі сыну. “Яму не было яшчэ двух гадоў, і Кроцік яго проста зачараваў”. У іх сям’і старанна пільнуюць, што і колькі паказваць дзіцяці. Кроцік па-за цэнзурай.

 

Яе сын Мікіта, убачыўшы ілюстрацыі, заявіў: “Я ведаў гэты мульцік, калі нарадзіўся”.

 

Спадарыня Аліна Садоўская, якая цікавіцца усім, звязаным з чалавекам і прыродай, рабіла фотаздымкі выяваў для ўнучак з Мінску. “Мульцік добры і высока мастацкі, – мяркуе спадарыня Аліна. – Вось паглядзіце, якія лініі, як намалявана жабка, як рака…”.

 

 

Удзячнасць за выставу адчувалася больш з боку дарослых, якія вярнуліся на нейкі час у дзяцінства. Выглядала, што іх экспазіцыя больш кранула, чым падлеткаў. Дзеці цешыліся ледзяшамі з выявай Кроціка.

 

Паглядзець нябачаныя раней серыі, як анансавалася загадзя, не атрымалася. Арганізатары забыліся прывезці запісы мультфільма.

 

Krtek a zelená hvězda from ceskedeti on Vimeo.

 

Здымкі Яна Лялевіча