ХК “Нёман”: першая перамога ў паўфінале
У гэтым сезоне каманды сустракаліся ўжо шэсць разоў (па тры перамогі ў “Нёмана” і ў “Шахцёра”).
2012.09.28 “Шахцёр” – “Нёман” 2:3 (АД)
2012.10.06 “Нёман” – “Шахцёр” 3:5
2012.12.01 “Шахцёр” – “Нёман” 3:4 (бул.)
2012.12.06 “Нёман” – “Шахцёр” 5:3
2013.01.20 “Нёман” – “Шахцёр” 1:3
2013.02.25 “Шахцёр” – “Нёман” 5:4 (АД)
Як і чакалася, ажыятаж на матчы вельмі вялікі, білеты браніруюцца загадзя. На першы матч паўфіналу, прыйшло больш за 2800 чалавек (умяшчальнасць гарадзенскай арэны – 2500).
Перад матчам фанаты гарадзенскай каманды расцягнулі банэр з выявай Кубка, гульцоў і фанатаў “Нёмана” – прыгожае відовішча. Госці гэтаксама былі пры падтрымцы, з Салігорска да нас прыехала каля 40 фанатаў.
“Нёман” – “Шахцёр” 3:0 (1:0, 1:0, 1:0)
Кідкі: 41:28 (11:7, 16:10, 14:11)
Гарадзенскія хакеісты вызначыліся ў трох перыядах, у кожным па шайбе. У першым перыядзе вызначыўся Андрэй Антонаў з перадачы Вячаслава Лісічкіна. У другім перыядзе Павел Баярчук скарыстаўся лікавай перавагай і падвоіў лік. Кропку ў матчы паставіў Дзмітрый Панцыраў, “Нёман” забіў у меншасці.
Шайбы:
07.36 1:0 – Антонаў (Баярчук, Лісічкін)
23.11 2:0 – Баярчук (Лісічкін, Коршунаў – бол.)
51.29 3:0 – Панцыраў (Хомэр, Мядзел – мен.)
Такім чынам, лік у серыі становіцца 1:0 на карысць “Нёмана”.
Пасля матчу Дзмітрый Краўчанка (галоўны трэнер “Нёмана”) сказаў:
“Хочацца падзякаваць заўзятарам абедзвюх каманд за падтрымку, сапраўды, прыемна гуляць пры поўных трыбунах. У сярэдзіне другога перыяду супернік перахапіў ініцыятыву, я ўдзячны хлопцам, што нейтралізавалі небяспечныя моманты. Гэта быў пераломны момант: калі б забіў “Шахцёр”, гульня зусім па-іншаму склалася б. Але выстаялі, адыгралі выдатна.
Гульня была цікавая ў двух каманд, псіхалагічная такая. Можа прыгажосці і не было, але ўсё ж гэта плэй-оф. Прайшоў адзін матч, трэба яго забываць і рыхтавацца да наступнага”.
У іншай паўфінальнай гульні, якая адбылася 10 сакавіка, сустракаліся “Металург” і “Юніёр”, мацней апынуліся гаспадары з лікам 4:2 (1:0).
Наступная гульня “Нёмана” адбудзецца 12 сакавіка, зноў у Гродне.