Тры гарадзенскія рынкі: перспектывы і асцярогі
Базавая арэндная велічыня з 1 красавіка зменіцца з 54 да 86 тысяч беларускіх рублёў. Такое рашэнне прынята пастановай Савета міністраў ад 13 сакавіка 2013 года №172 “Аб устанаўленні памеру базавай арэнднай велічыні”.
Дадзены рост абавязкова адаб’ецца на ўзроўні спажывецкіх цэн на рынках горада, паколькі большасць гарадзенскіх прадпрымальнікаў карыстаюцца пераважна арэнднымі плошчамі.
Паўднёвы рынак
Арэндная плата за металічны бокс складае 70 500 рублёў у месяц за 1 кв. метр. За арэнду павільёна прадпрымальнікі плацяць 40-60 тысяч рублёў у залежнасці ад памеру памяшкання. У сярэднім плошча бокса 5-6 кв. метраў.
Усяго на Паўднёвым рынку занята 2 947 гандлёвых месцаў. Сюды ўключаны металічныя боксы, павільёны, месцы на аўта-пляцоўцы і пляцоўцы для разавага гандлю фізічных асоб (так званым “поле цудаў”). Акрамя таго, на рынку ёсць 10 месцаў па аказанні паслуг насельніцтву: станцыя тэхнічнага абслугоўвання, банкі, кафэ, майстэрні па рамонце адзення.
На сённяшні дзень у адміністрацыю рынка ад мясцовых камерсантаў пададзена парадку 230 заяў: 10 на павільёны, 220 на металічныя боксы.
Па словах в.а. дырэктара Аляксандра Громава, плануецца правесці аўкцыён, дзе будуць выстаўлены 17 месцаў.
“Мы рыхтуем аўкцыён, у якім будуць выстаўлены права на арэнду разам з металічнымі боксамі. Пакуль гэтыя месцы не будуць занесеныя ў план эксплікацыі рынка, аўкцыён не можа быць абвешчаны. Цяпер усе дакументы знаходзяцца на ўзгадненні ў Гарадзенскім гарвыканкаме”.
Металічныя боксы, размешчаныя на рынку, знаходзяцца ва ўласнасці ў прадпрымальнікаў. Кошт бокса можа складаць ад 5 да 10 тысяч даляраў.
Кошт права арэнды гандлёвага месца залежыць ад размяшчэння і праходнасці. Розніца ў кошце месца з краю шэрагу і ў цэнтры можа скласці дзясяткі мільёнаў рублёў!
Адміністрацыя рынка здае ў арэнду толькі ўчасткі зямлі. У плату за гандлёвае месца ўключана арэндная плата і камунальныя паслугі: вонкавае асвятленне і вываз цвёрдых бытавых адходаў. Згодна з заканадаўствам, уборку тэрыторыі прадпрымальнікі не аплачваюць.
У гэтым годзе на Паўднёвым рынку з’явіцца гандлёвы цэнтр па продажы аўтазапчастак і аксесуараў да аўтамабіляў. Каля цэнтральнага заезду да існуючага шэрагу дадасца яшчэ адзін дадатковы.
У сувязі з запланаванымі зменамі ў правілах гандлю аўтазапчасткамі ў 2014 годзе ў прадпрымальнікаў будзе выбар: перабудаваць металічныя боксы або пераехаць у гандлёвы цэнтр.
Таксама адно з надзённых пытанняў рынку – недахоп на тэрыторыі парковачных месцаў. На платнай ахоўваемай аўтастаянцы ёсць месцы на адначасовае знаходжанне 1100 аўтамабіляў. У будні яна паўпустая, а ў выхадныя тут няма свабодных месцаў.
“У нас няма месца для пашырэння. З усіх бакоў мы заціснутыя ворнавымі зямлямі, лініямі электраперадач, газаправодам, жылым сектарам і аўтатрасай. Таксама на нашай тэрыторыі знаходзіцца разваротны пункт маршрутных таксі і аўтобусаў, месцы для высаджвання і пасадкі пасажыраў”.
У 2013 годзе разам з рэканструкцыяй Індурскай шашы плануецца перанос разваротнага кальца з тэрыторыі рынку. У будучыні тут дадаткова размесцяцца 600-700 парковачных месцаў.
Рэчавы рынак плошчай 16,4 га ўваходзіць у структуру Гроднагандальсэрвіс нараўне з іншымі мінірынкамі горада.
Цэнтральны рынак
З 1 сакавіка прадпрыемства павялічыла арэндную плату на 25%. Яна не павышалася амаль год – з красавіка 2012 года. У асноўным павышэнне звязана са значнымі выдаткамі на рамонтна-будаўнічыя работы ў 2012 годзе: 2 млрд. рублёў уласных сродкаў і 2,6 – пазычаных.
Цэнтральны рынак (плошча 3 га) з’яўляецца філіялам Гродзенскага Аблспажыўтаварыства, якое мае прыватную форму ўласнасці.
Тут арэндная плата фарміруецца ў залежнасці ад умоў рэалізацыі тавару, выдаткаў на ўтрыманне, здачы ў арэнду зямлі або тэрыторыі разам з гандлёвым аб’ектам.
У прамысловым сектары яе памер вагаецца ў дыяпазоне 100-250 тысяч за 1 кв.метр, у харчовай зоне – 140-250 тысяч.
На сённяшні дзень адміністрацыяй рынку заключаны 1 071 дагавор арэнды: на склады – 42, харчовыя тавары – 236, нехарчовыя тавары – 793.
Па словах дырэктара Сяргея Дэмбіцкага, адной з надзённых праблем рынка з’яўляецца адсутнасць паркоўкі. Будаўніцтва аўтастаянкі патрабуе велізарных укладанняў, якія прадпрыемства на сённяшні дзень несці не ў стане.
На 2013 год у планах прадпрыемства пабудаваць модуль праблізна на 70 гандлёвых месцаў для круглагадовай рэалізацыі гародніны і садавіны.
Таксама адміністрацыя рынку плануе хутка запусціць уласны сайт, дзе будзе сабраная інфармацыя для спажыўцоў і індывідуальных прадпрымальнікаў.
Рынак Карона
Арэндная плата складае 140-200 тысяч за 1 кв. метр у залежнасці ад размяшчэння гандлёвага месца.
Па словах дырэктара Кірыла Дарашука, на рынку ёсць свабодныя гандлёвыя месцы, аднак і чарга таксама існуе.
“Каля 200 заяў пададзена на гандлёвыя плошчы рэчавага рынку. Аднак ёсць свабодныя плошчы ў зале А, але ніхто не спяшаецца іх займаць з-за блізкага размяшчэння да Белмаркету. Прадпрымальнікі, якія працуюць з прамысловай групай тавараў, таксама не хочуць браць месцы побач з месцамі рэалізацыі прадуктаў.
У сувязі з павышэннем базавай арэнднай велічыні, магчыма, хтосьці захоча сысці. Таксама ў нас ёсць такое паняцце, як “перыяд несезону”, калі ў вяснова-летні час ідзе спад напаўняльнасці.
Зараз мы на парозе высокага павышэння арэнднай стаўкі і прагназаваць нешта вельмі складана. Я спадзяюся, што нам удасца ўтрымаць рост арэнднай платы ў межах 50%”.
За першыя 8 месяцаў 2012 прадпрыемства спрацавала са стратай, аднак праца ў канцы года дазволіла рынку атрымаць прыбытак і рэнтабельнасць каля 2-3%.
На гэты год у планах прадпрыемства мадэрнізаваць свабодную зону ў зале А памерам 3,5 тысячы кв. метраў.
Здымкі аўтаркі