Войска польскае ў 1941 годзе?

|

Чытаю:

 

Рубель Ф. Б. сапраўды знаходзіўся на вайсковай службе ў Ленінградскай вобласці, станцыя Левашова, паштовая скрыня 364, падраздзяленне 15-1. З пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў пераведзены ў Войска Польскае, воінскую частку п/п 52151”.

 

Пачакайце, якое Войска Польскае ў пачатку Вялікай Айчыннай вайны?

 

На савецкай тэрыторыі афіцыйны адлік польскіх падраздзяленняў пачаўся 6 траўня 1943 г., калі Дзяржаўны камітэт абароны СССР выдаў пастанову аб пачатку фарміравання 1-й польскай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі. Той самай, якая ўпершыню ўступіла ў бой на беларускай зямлі восенню 1943 г. Дык, можа, у афіцыйны дакумент Маладзечненскага АВК трапіла недакладнасць? Вайсковы пісар пераблытаў час?

 

align=”middle” alt=”дакумент” >

 

Аднак вось у мяне ў руках імянны спіс канчатковых страт асабістага састава па Іўеўскім райваенкамаце, складзены 9 жніўня 1946 г. У ім ёсць прозвішча жыхара в. Агароднікі Іўеўскага раёна Усціна Гецэвіча. 25 кастрычніка 1940 г. яго прызвалі ў Чырвоную Армію, а з чэрвеня 1941 г. ён становіцца прапаўшым без вестак. Самае цікавае, што ў спісе Усцін Гецэвіч пазначаны як камандзір гарматы Войска Польскага, а яго вайсковае званне – капрал.

 

Размаўляючы раней з некаторымі іўеўчанамі, ветэранамі ІІ сусветнай вайны, я чуў пра польскія падраздзяленні, якія быццам бы змагаліся на тэрыторыі Савецкага Саюза ўжо летам 1941 г. Тады падалося, што гэта проста нейкая памылка, блытаніна з часам. Але ж вось і архіўныя паперы сведчаць пра тое самае!

 

Можа, сапраўды, для адных грамадзян тагачаснай Польшчы (“буржуазна-нацыяналістычных элементаў”) прадугледжвалася апошнім прыпынкам Катынь, а для другіх (простых сялян і пралетарыяў) – спецыяльныя падраздзяленні і “вызваленчы” паход у Еўропу ўжо ў 1941 г.?

 

На здымку: жаўнеры 1-й польскай пяхотнай дывізіі імя Т. Касцюшкі едуць на фронт, лета 1943 г.