Каб не атрымалася “журбінка”
На пачатку імпрэзы прафесар ГрДУ, літаратуразнаўца Аляксей Пяткевіч пазнаёміў з гісторыяй гарадзенскіх літаратурных альманахаў. Уласнага літаратурнага часопіса гарадзенскія творцы не бачылі з 2005 года, калі выйшаў апошні нумар літаратурнага штогодніка “Галасы”. Альманах друкаваўся пры “Гродзенскай праўдзе”, аднак са з’яўляннем новага рэдактара спадарыні Берасневай “Галасы” сціхлі.
І толькі зараз сябры гарадзенскага аддзялення “Саюзу беларускіх пісьменнікаў” дачакаліся свайго літаратурнага выдання. Лейтматывам усяго выступу Аляксея Міхайлавіча маглі б стаць радкі Максіма Багдановіча “Няма таго, што раньш было…”
Выстава літаратурных выданняў, што былі да “Новага замку”
Слонімскі паэт і журналіст Сяргей Чыгрын з нагоды выхаду альманаха “Новы замак” узгадаў у газеце “Новы час” выпуск кнігі літаратараў Гарадзеншчыны “Краю мой – Нёман” у 1986-м годзе і прадмову да яе Васіля Быкава.
Народны пісьменнік Беларусі тады пісаў: “У багатым і разнастайным культурным жыцці Беларусі Гарадзеншчына займае, мабыць, адно з самых адметных месцаў. Вядома, найперш тут шмат значыць традыцыя, якая цягнецца здаўна і звязана з многімі славутымі імёнамі ў духоўным набытку народа… Бурны пасляваенны росквіт літаратурных талентаў Гарадзеншчыны працягваецца да гэтага часу, усё буйнеючы па значэнню і шырачыся па маштабу…”.
Зараз жа сітуацыя на гарадзенскім Парнасе не выглядае так аптымістычна. Гартаючы “Новы замак”, кідаецца ў вочы неверагодны брак маладых літаратараў. Паэтаў, а тым больш празаікаў да 40 гадоў можна пералічыць па пальцах. На жаль, за апошнія гады не стала яскравых гарадзенскіх аўтараў – заўчасна памерлі Едрусь Мазько, Юрка Гумянюк.
Падчас прэзентацыі гучалі творы з альманаху, якія зачытвалі як самі аўтары, гэтак і студэнткі філфаку купалаўскага ўніверсітэта. Выступалі Данута Бічэль, Анатоль Брусевіч, Яўген Петрашэвіч, Ганна Аўчыннікава.
Па словах выступоўцаў, самая моцная частка альманаху, які сабраў творы розных жанраў, – паэтычная.
Не абыйшлося і без крытыкі. Данута Янаўна заўважыла, што на вокладку альманаху чамусьці змясцілі сфінкса – “істоту, якая пажырае сваіх дзяцей”. Ды і сама назва “Новы замак” падалася ёй не вельмі ўдалай. Яна ўзгадала рэгулярныя выклікі сюды “на размову”, і шпіль на ягоным даху, і пяціканцовую зорку.
З празаічным дэбютам у зборніку выступіў і ўнук Дануты Бічэль Стас Ільін, які зараз жыве ў ЗША.
Непрыемна здзівіла, што на прэзентацыі альманаху акрамя саміх творцаў, студэнтаў і журналістаў было вельмі мала звычайных слухачоў. Для літаратурнага Гродна выданне такога зборніка пасля васьмі год перапынку сапраўды радасная падзея. Гэта і цудоўная магчымасць паслухаць людзей, якія былі сведкамі культурна-літаратурнага працэсу на Гарадзеншчыне цягам дзесяцігоддзяў і якіх застаецца ўсё менш.
“Твой Стыль” ужо пісаў пра нецікавасць гарадзенцаў да культурніцкіх мерапрыемстваў у горадзе, якая апошнім часам кідаецца ў вочы. Застаецца спадзявацца, што культурнае жыццё горада, пра якое мы столькі гаворым, не сыйдзе ў віртуальны свет у выглядзе справаздач у прэсе і лайкаў у сацыяльных сетках.
А то атрымаецца “журбінка”.
Здымкі Яна Лялевіча