Новы парламент: паўгода працы
Давайце прасочым за дэпутацкім лёсам Наталлі Генадзеўны Кучынскай, якую выбралі жыхары Ашмянскага, Іўеўскага і Лідскага раёнаў. За начальніка аддзела народнай адукацыі Ашмянскага райвыканкама прагаласавалі 41 128 чалавек.
Сваім выбаршчыкам яна абяцала, што будзе дзейнічаць, каб забяспечыць чалавеку рост рэальных грашовых даходаў праз павышэнне зарплаты, даступнае якаснае медыцынскае абслугоўванне праз развіццё сучасных паслуг, ахову мацярынства праз удасканаленне сістэмы сямейных дапамог, стымулюючых выплат і падатковых ільгот.
Намеры, безумоўна, добрыя, а як справы з іх канкрэтным выкананнем? Вось, напрыклад, у краіне пачалі дзейнічаць несправядлівыя, на мой погляд, меры ў дачыненні маладых маці, якія працуюць адвакатамі, індывідуальнымі прадпрымальніцамі і рамесніцамі. Ці звярнула ўвагу Наталля Генадзеўна на гэту сітуацыю?
Можна казаць, што рашэнне аб выплочванні дадзеным катэгорыям жанчын меншых, у параўнанні з іншымі, сум на ўтрыманне дзіцяці рыхтавалі іншыя дэпутаты, таму тут, як гаворыцца, цягнік ужо ад’ехаў. Ды і ўвогуле, жанчын-адвакатаў ды прадпрымальніц з рамесніцамі ў краіне не так многа, можа, неяк пераб’юцца.
У канцы мінулага года ў Палату прадстаўнікоў завітаў віцэ-прэм’ер Тозік. Гэты чыноўнік праславіўся сваімі намерамі рэзка павялічыць колькасць платных паслуг у нашай медыцыне. Вось тут бы Наталлі Кучынскай пацікавіцца: як такія захады стасуюцца з сацыяльна арыентаванай палітыкай беларускай дзяржавы?
Наталля Генадзеўна запыталася… як вярнуць прафесіі настаўніка былы статус? Віцэ-прэм’ер у адказ сказаў нешта вельмі правільнае і пафасна-ўзнёслае. А вось медыцынскую тэму на тым паседжанні неяк далікатна абмінулі.
Акрамя таго, Наталля Кучынская запісалася ў групу парламентарыяў “Ініцыятыва”, удзельнікі якой спадзяюцца цалкам выканаць (!) сваю перадвыбарную праграму. Зайздросны аптымізм. Ці, можа, трэба разумець, што іншыя дэпутаты, трапіўшы ў парламент, адчулі, што не маюць сілы выканаць усе свае перадвыбарныя абяцанні? Наталля Кучынская не з такіх.
Яна ўжо рэгулярна працуе ў сваёй выбарчай акрузе, нядаўна прывезла ў дзіцячыя дамы наборы рушнікоў, набытыя праз спонсарскую дапамогу. А яшчэ яна ладзіць “прамыя лініі”, у час якіх выбаршчыкі атрымліваюць адказы на свае набалелыя пытанні.
Дэпутатка вядзе прыём у Кальчунскім сельвыканкаме
Напрыклад, жыхар Іўя пацікавіўся, чаму ў суседніх недзяржаўных магазінах у райцэнтры такія розныя кошты і атрымаў спіс назваў дакументаў, якія рэгулююць цэнаўтварэнне. Жыхарка Ашмян звярнулася да свайго дэпутата з просьбай адрамантаваць яе родную вуліцу Кірава. Наталля Кучынская ўзяла гэта пытанне пад асабісты кантроль.
Увогуле, тэма вулічнага рамонту не новая для яе. У сваеёй перадвыбарнай праграме тады яшчэ кандыдат у дэпутаты абацяла садзейнічаць прывядзенню да ладу вуліцы Свярдлова ў Лідзе. Нешта там сапсавалася пасля “Дажынак” – і без дэпутата ніяк. А мы ў сваю чаргу абавязкова раскажам пра перамены, якія прыдуць на лідскую вуліцу, што носіць імя палымянага расійскага рэвалюцыянера.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
Здымкі house.gov.by і osh.by