Віктар Пашнік: “Трэба спяваць і для аднаго чалавека”
Мікіта Ціхановіч, Алег Русак (беларусы) і Віктар Пашнік (украінец) на працягу дзесяці год удзельнічаюць у фестывалі перасоўнай творчасці “Караван любові”. Хлопцы вырашылі спевамі фармаваць сваю жыццёвую прастору – жыць у згодзе з сабой, іншымі людзьмі, прыродай. Іх актыўнасць накіравана і на падтрымку родавых маёнткаў.
Злева направа: Віктар Пашнік, Алег Русак, Мікіта Ціхановіч
Хлопцы спяваюць у турмах і канцэртных залах, як самі кажуць “ад калоніі да філармоніі”.
Рэпетыцыя перад канцэртам больш нагадвала не распеў бардаў, а сеанс усходніх практык – па рытмах музыкі ды ўжываных інструмантах. У падрыхтоўцы загучала і “Надежда – мой компас земной”.
Квіткі з надпісам “ахвяраванне” каштавалі 30.000 рублёў. У зале адчувалася, што цягнецца зіма, без верхняй вопраткі сядзець было халадно. Сабралася каля трыццаці чалавек – пераважна знаёмыя арганізатараў ды чытачы “Твайго стылю”.
Вечар складаўся з лірычных спеваў, у асноўным пра любоў ды маці-зямлю. Пасля чарговага ўступу: “Наступная песня будзе пра любоў” з залы пажартавалі: “У адрозненні ад папярэдніх”. Спевы былі і аўтарскія і пазычаныя, нават з ХІІІ ст.
Украінец Віктар Пашнік захапіў нацыянальнымі песнямі ды гаворкай. Украінская бандура паслухмяна паддавалася яму. Майстэрства валодання гітарай ды бандурай заўважыў бы й не прасунуты слухач.
Пранікнёна гучалі спевы. Віктар трапна жартаваў, як казаў, быў “троху шутом”, каб пабавіць публіку. З трох артыстаў ён быў найбольш беларускамоўным. Ва Украіне Віктар Пашнік збірае на сольныя канцэрты буйныя залы.
Алег Русак перадаў ідэю падтрымкі родавых маёнткаў. Ён мяркуе, што людзям лепш жывецца па-за горадам, дзе больш прыроды, дзе ёсць дом свайго роду, сваёй сям’і. Сам Алег жыве ў Барысаве і пакуль не мае такога месца.
Вегетарыянства – частка жыццёвай філасофіі музыкаў. Віктар адмовіўся і ад сала, хаця падзяліўся, што цяжка было і што нават маці напачатку не мог прызнацца.
Мікіта Ціхановіч падзяліўся досведам жыцця на хутары, “у жывой прасторы”. Па яго словах, адчуванне ад пасаджанага дрэва можна параўнаць бадай толькі з нараджэннем дзіцяці. “Зямля чакае, пакуль мы да яе павернемя і штосьці добрае для яе зробім”, – верыць Мікіта.
Віктар Пашнік ахвотна паразмаўляў з карэспандэнтам “Твайго стылю”.
Як прайшлі Вашыя канцэрты ў іншых гарадах?
Добра.
Ці такая ж нешматлікая публіка?
Вось з-за “Хаўеру” мне хлопцы арганізавалі сольны канцэрт у Гомелі, самі яны не змаглі з Мінску выехаць. У Гомелі была харошая зала ў галерэі Вашчанкі, у Брэсце вялікі канцэрт, у Віцебску не атрымалася арганізаваць. Зараз у вас – нармальна, сярэдне. Людзі ж галоўныя, трэба і для аднаго чалавека спяваць.
А адкуль Вы ведаеце беларускую мову?
Сябры – раз, па-другое, заўжды любіў Беларусь, бо тут жыве адна з маіх любімых цётак, родныя тут. Беларуская самая блізкая мова да ўкраінскай, таму проста хочацца вывучыць.
Ці вы цікавіцеся беларускай музыкай?
Цікаўлюся. Я “Троіцу” люблю, этнічную музыку.
Вы называеце сябе “сонечныя барды”. Ці вы належыце да нейкай ідэалогіі, духоўнасці, рэлігіі?
Кірунак нашай філасофіі – з любоўю да зямлі, да ўсяго жывога. Я нарадзіўся на вёсцы, і езджу туды колькі год, у мяне там свая хата. Ёсць свой малады вінаградны сад, кветкі купіў – я калекцыянер.
З кожнага падарожжа штосьці прывожу. Вось цяпер вязу ў чахле бандуры насенне фундука. У мяне ўжо ёсць і фундук, і ляшчына. Мне падабаецца жыта, працаваць на зямлі.
Я музыкант толькі ў другую чаргу. Я – чалавек рознабаковы: і да аднаго цягне, і да другога. Цяпер халадно, таму на зямлі нічога не раблю, ёсць магчымасць павыступаць.
Ва Ўкраіне збіраю досыць вялікія платныя канцэрты. Тут – як атрымоўваецца. Проста каб сустрэцца з беларускім народам, пабачыць, як людзі жывуць.
Арганізатарка канцэрта Марына (на здымку) патлумачыла, што некалькі канцэртаў ладзілі ў доме культуры глухіх, але прыходзіла мала людзей на вялікую залу. Прычыну малой наведвальнасці спадарыня Марына бачыць у спецыфічнасці такіх канцэртаў, спасылаецца і на “зімовую спячку”. Замаўляць раённы дом культуры таксама маласэнсоўна з-за вялікіх коштаў. “Калі апаратуры непатрэбна, то якая розніца якая зала”, – лічыць арганізатарка. За простую малую залу выказаўся і Мікіта Ціхановіч.
Канцэрт доўжыўся больш за дзве гадзіны, але людзі слухалі ў халоднай зале да заканчэння, спрабавалі падпяваць тое, што маглі. Пераважна выглядалі задаволенымі, падыходзілі да музыкаў выказаць сваю ўдзячнасць.
На вечарыне можна было набыць альбомы музыкаў.
Здымкі Яна Лялевіча