Чаго не хапае нашаму футболу?

|

align=”left” alt=”Павел Кулік” >Павел Кулiк, эканаміст, заўзятар ФК “Нёман”

 

У асноўным клубамі не робіцца нічога. Рознага роду продаж атрыбутыкі і буфеты – гэта толькі нікчэмныя патугі, а не мэтанакіраваная праца з заўзятарамі.

 

Галоўная праблема наведвальнасці – агіднае становішча на матчах, выкліканае пафігізмам супрацоўнікаў стадыёнаў і хамствам АМАПа.

 

Калі казаць пра футбалістаў, то клубы павінны па-максімуму выкарыстоўваць у складах сваіх выхаванцаў + некалькі дасведчаных “дзядзькаў” або легіянераў, каб моладзі было ў каго вучыцца.

 

Людзям у Гродне будзе нашмат прыемней падтрымліваць тых, хто прадстаўляе наш горад, а сярод футбалістаў знойдзецца нямала знаёмых, аднакласнікаў, суседзяў і г.д., за каго заўзець будзе ўдвая прыемней.

 

Што б я хацеў бачыць на стадыёне? Добрую гульню сваёй каманды, барацьбу да апошняй хвіліны на кожным участку поля, добрае стаўленне да сябе з боку супрацоўнікаў, ну а ўсё астатняе само наладзіцца.

 

Мікалай, заўзятар аднаго з мінскіх клубаў

 

Па-першае, паход на стадыён павінен прыносіць радасныя ўсмешкі (прынамсі ў пачатку гульні) ўсяму абслугоўваючаму персаналу (сцюартам, міліцыі) і гледачам. Каб не адчуваць сябе быццам за калючым дротам.

 

Па-другое, на матчы павінен быць продаж рознай атрыбутыкі і харчавання.

 

Квіткі на матчы павінны прадавацца адкрыта і без велізарных чэргаў. Ну і футбол гэта свята, а не Дзень міліцыі! Ахову гледачу павінны забяспечваць сцюарты і відэакамеры. Як толькі знікнуць міліцыянты са стадыёнаў, то тады і пачне народ хадзіць на футбол.

 

Гулец, які выходзіць гуляць за каманду, павінен усюды і заўсёды дзякаваць заўзятарам, а калі заўважана што ён не гуляе, то ў дагаворы прапісваць штраф, г.зн. гулец павінен аддаваць сябе камандзе, а не грошам.

 

Яскравы прыклад Польшча. Нават у трэцім дывізіёне там каманды выкладваюцца на 100% і напал да канца матчу заўсёды ёсць.

 

Уладзімір Кульбiцкi, спецыяліст па продажах

 

Трэба развіваць харчаванне, разнастайнасць атрыбутыкі. Таксама павінна адсутнічаць міліцыя на трыбунах. Больш забаўляльных праграм, конкурсаў па-за полем (на сайце, у сацыяльных сетках). Больш рэкламы ў горадзе, на радыё. І абавязкова павінен быць прыгожы футбол.

 

Яўген Лебедзь, спартовы аглядальнік газеты “Вечерний Гродно”

 

Галоўная праблема нашых спартыўных клубаў – адсутнасць маркетынгу. У штаце каманд працуюць родныя, знаемыя, сябры, але не тыя, хто сапраўды валодае неабходнымі ведамі і прадстаўляе пэўныя ідэі. А ў нас акрамя балбатні нічога не атрымліваецца.

 

Першае, што трэба зрабіць – арганізаваць маркетынг: продаж атрыбутыкі. Дзеля гэтага у нашым горадзе ёсць усе умовы, няма толькі жадання. Шалікі, сшыткі, майкі, кепкі – усе ўто заугодна.

 

Некалькі год таму анонсы гульняў гучалі ў грамадскім транспарце. Футбол павінен гучаць паўсюль!

 

Але самае галоўнае – гульня. І ў клубе павінны гуляць свае, гарадзенскія хлопцы, а не заморскія гастрабайтэры, якім акрамя даляраў не трэба змагацца за гонар клуба і горада. Упэўнены, свае хлопцы саромеюцца гуляць кепска, бо з трыбун на іх глядзяць бацькі, браты і сёстры, сябры, знаемыя.

 

І калі “Нёман” прайграе матч, гульцы павінны змагацца да апошняй хвіліны. Не сорамна прайграць па майстэрству, але сорамна не паказаць характар і волю да перамогі.

 

І апошняе: каб аматары глядзелі футбол на стадыёне, у клуба павінны быць куміры, дзеля якіх бацька з сынам ідзе на стадыён. У сваім дзяцінстве я заўзеў за “Неман”, бо маімі любімымі гульцамі былі Давыдаў, Мазурчык, пазней Раўнейка і Кавалёнак. А калі футбалісты такога калібру, як атрымліваецца, не патрэбны клубу, дык хто пойдзе на стадыен?

 

Увогуле, чыноўнікі павінны ўставаць раніцай і класціся спаць з думкай, што “Неман” – не іх асабісты клуб, а клуб народны: нашага горада і нашых людзей.

 

Дзмітрый Кавалёнак, легенда гарадзенскага “Нёмана”

 

Маё меркаванне, што заўзятары ў сваёй большасці ходзяць глядзець на асобы, а паколькі ў Беларусі такіх не так шмат, то трыбуны будуць, як і раней, пуставаць…

 

Жанчын і дзяцей дакладна можна прыцягнуць менавіта футбалістамі, якія ім падабаюцца, бо камандная гульня і тактыка іх цікавіць мала… Гэта тая большая палова чалавецтва, якая жыве эмацыйна, пачуццямі.

 

А мужчыны, якія любяць футбол і – самае галоўнае – сваю каманду, будуць хадзіць і так.

 

Вiктар Сазонаў, праваабаронца


Патрыятызм можа прыцягнуць людзей на стадыёны. Патрыятызм як агульнанацыянальны, так і местачковы. Для гэтага трэба і нацыянальныя сімвалы, і старадаўнія сімвалы гарадоў, надпісы на майках па-беларуску, беларускі каментар і нацыянальны гонар як за свой футбол, так і за сваю краіну.

 

 

Вітаўт Руднік, заўзятар з 30-гадовым стажам

 

Беларускі футбол можа прывабіць гледача наступнымі спосабамі:

 

1. Якасны футбол (хутка на гэта спадзявацца не даводзіцца).

 

2. Яскасны сервіс на стадыёне (камфортныя стадыёны, ветлівая абслуга, “кветкі жанчынам, марожанае – дзецям”), ліквідацыя ўсіх прыкметаў “зоны” ў выглядзе міліцыі з трайнымі кардонамі-праверкамі, якая ва ўсіх бачыць патэнцыйных злачынцаў.

 

Акрамя таго, на саміх трыбунах сцюардаў (менавіта яны павінны замяніць міліцыю) абавязаў бы жорстка змагацца з мацюкамі.

 

Пусціў бы на трыбуны прадаўцоў булачак, квасу. На самім стадыёне ў дзень гульні рабіў бы часовыя атракцыёны для дзяцей і дарослых. Ну і максімальна “адкрыў” бы каманды для СМІ і заўзятараў, каб людзі адчувалі жывую сувязь з тымі, за чыю гульню яны аддаюць на стадыёне свае грошы.

 

Дзмітрый Бандарчук, грамадскі актывіст

 

Калі не падыходзіць да пытання з ідэалістычных меркаванняў, не ўспамінаць сусветны вопыт, не выкарыстоўваць веды ў маркетынгу, то ўсё зводзіцца да простага-неабходна – перамагаць у кожным матчы кубкаў або чэмпіянату.

 

Відовішчная гульня без перамог не прывядзе заўзятара, яго прывабяць толькі перамогі. Можна ўспомніць наш “Нёман” пачатку 2000-х: быў жа перапоўнены стадыён, і дажджы не перашкаджалі, і поле без падагрэву было зручным, і фінансаванне было такое ж.

 

Таму пажадаю “Нёману” і ўсяму беларускаму футболу барацьбы усе 90 хвілін – для заўзятараў, для перамогі.

 

Віталь Надзіеўскі, футбаліст польскай “Алімпіі”, былы капітан “Нёмана”

 

У першую чаргу варта прыцягваць не на стадыён, а знаёміць жыхароў горада з нашым клубам і беларускім спортам у цэлым.

 

Гаворачы канкрэтна пра “Нёман”,  па-мойму, варта пачынаць з самога клуба і яго дзейнасці за межамі стадыёнаў. Каб жыхары горада ведалі хоць бы аб існаванні каманды – трэба “выходзіць у людзі”, напрыклад, у дзіцячыя дамы, дамы малюткі (так як хакейны “Нёман” арганізаваў паказальную гульню, плата за ўваход – мяккая цацка), арганізоўваць візіты ў школах, унiверах, сустрэчы з заўзятарамі – часцей, чым раз у год, таварыскія сустрэчы з жыхарамі горада.

 

Датычна стадыёна: арганізацыя месцаў грамадскага харчавання, добрая музыка ў перапынку, выступ чырлiдараў, для дзяцей – гульнявыя зоны, салодкая вата і ўсё ў гэтым духу. Для сем’яў можна арганізаваць трыбуны асобныя, бо культура некаторых заўзятараў пакідае жадаць лепшага. Рэклама, продаж атрыбутыкі, буклеты, радыёэфіры, інтэрв’ю з членамі каманды не толькі на футбольныя тэмы. Казаць пра гэта можна вельмі доўга, але гэта тое, з чаго варта пачынаць. На маю думку.

 

Вiталь Раманчук, студэнт

 

Я не бачу чагосьці асаблівага, што магло б прыцягнуць гледача ў плане арганізацыі.

 

Узровень гульні, на жаль, не дазваляе зацікавіць гледача. Прыйшоўшы на стадыён з дома, нядаўна паглядзеўшы, напрыклад, матч Ангельскай Прэм’ер Лігі, беларусы хочуць убачыць такі ж хуткі і прыгожы, якасны футбол, але атрымліваюць у замен адваротнае.

 

Я, як і любы гарадзенец, хацеў бы бачыць поўны стадыён задаволеных гледачоў і менш супрацоўнікаў аховы правапарадку.

 

Юрый Істомін, юрыст

 

Я маю дастатковы вопыт наведвання матчаў рознага ўзроўню ў Англіі. Тут нават на каманду сёмага дывізіёна прыходзяць тысячы заўзятараў! Ёсць некалькі фактараў, якія прыцягваюць фанатаў на матчы ў Англіі, але не працуюць у нас.


Перш за ўсё, у каманд у беларускім чэмпіянаце не працуе маркетынг. Ангельскія клубы любога дывізіёна славутыя сваёй гісторыяй. У кожнай каманды ёсць гісторыя. Калі яе няма, яе неабходна прыдумаць.

 

Гісторыя, герб, слаўныя старонкі – вось самы лепшы маркетынг. Гэта такі слуп, на які наважваюцца такія інструменты, як продаж атрыбутыкі, арганізацыя рознага роду клубных мерапрыемстваў, праца з заўзятарамі.


Другі фактар – выхаванне ў заўзятара культуры хадзіць на стадыён. Для заўзятара павінны быць створаны ўсе ўмовы – фансектары, сямейныя трыбуны, брылі ад дажджу, нармальнае харчаванне, перадматчавы вольны час. У Беларусі ўсяго гэтага вельмі не хапае. Максімум адна палатка з хотдогамі, адсутнасць клубных крам, некамфортнасць стадыёнаў.

 

Што вельмі важна для Беларусі, проста неабходна прыбіраць міліцыю са стадыёнаў. Павінна быць створана служба клубных сцюартаў. У нас міліцыя змагаецца з парушальнікамі парадку, і на стадыёне часам яны дзейнічаюць стэрэатыпна, затрымліваючы падвыпіўшых заўзятараў, умешваючыся ў працэс на трыбунах, што выклікае незадаволенасць фанатаў і адсутнасць жадання хадзіць на стадыён.


Трэці фактар – адсутнасць працы з заўзятарамі. Заўзятары павінны быць дапушчаны да кіравання клубам. Афіцыйныя фанклубы, галасаванне па ключавых момантах развіцця (рэканструкцыя стадыёна, гульнявая форма на будучы сезон і іншае), могуць дазволіць адчуць заўзятарам, што клуб створаны для іх.

 

Ну і чацвёрты фактар. Футбол гэта бізнес. А бізнэс павінен быць прыватным. Пакуль каманды будуць штучна сядзець на датацыях з мясцовых выканкамаў – усяго вышэйпералічанага не будзе.

 

Калі футбол гэта з’ява сацыяльная, і гэта прызнаецца дзяржавай, улады павінны даць на першым этапе падатковыя льготы інвестарам, якія купляюць клуб і інвестуюць у яго. З абавязацельствам зрабіць яго праз пэўную колькасць часу прыбытковым і самадастатковым.

 

Прыватны інвестар і заўзятары лепш ведаюць, што ім неабходна. Таму ў клубаў з’явіцца прыбытак, а фанаты будуць запаўняць трыбуны…

Здымак Леаніда Шчаглова, prosto-free.livejournal.com

 

Калі рабіць выснову з адказаў, то можна смела казаць, што беларускаму футболу не хапае рэкламы і відовішчнасці.

Людзі, якія прымалі ўдзел у апытанні, не першы год у футболе. Большасць з іх спасылалася на тое, што міліцыя перашкаджае глядзець футбол, нават пры ўваходзе на стадыён многім не падабаецца пільны ператрус. Гэтак жа большасць прапаноўвала больш рабіць упор на гісторыю, ці прапаноўвала з’ездзіць прадстаўнікам клуба на стажыроўку ў Еўропу, нават у суседнюю Польшчу…

Маё асабістае меркаванне: “Нёман” – гэта сімвал нашага горада, і яго трэба падтрымліваць заўсёды! Трэба зрабіць так, каб мы ганарыліся сваёй камандай і сваім горадам.

 

Пытанне да чытачоў. А вы як думаеце, чаго не хапае нашаму футболу? Выказвайцеся ў каментарах і галасуйце ў апытанні ніжэй.