“Папа Францішак будзе мець свой стыль”
ТС: Якія адметныя рысы новага Папы?
Кс. Ян Кучынскі: Хорхэ Марыа Бэрголья вельмі цікавы чалавек. Я яго не ведаў раней, хаця часта сустракаюся з кардыналамі, біскупамі, таксама з калегамі з Аргентыны…
Асабіста я вельмі задаволены, што менавіта яго выбралі Папам. Я скакаў ад радасці! Калі ён толькі распачаў прамаўляць, я казаў “Хвала Пану!”. І калі я пачытаў яго біяграфію, хто ён такі на самой справе, калі ўбачыў яго паводзіны, то сказаў “Хвала Пану” яшчэ раз.
Ён просты, і настолькі просты, што адмовіўся ад пышнасцяў, якія належаць да Папы, напрыклад, персцень не захацеў з золата, а пазалочаны срэбны. Але гаворка ідзе не аб тым, што ён адмовіўся ад багаццяў. Мова ідзе аб тым, што ён чалавечны, ён будзе дасягальны, чымсці падобны да Яна Паўла II.
Ён чалавек сэрца, чалавек душы, чалавек, якія выходзіць насустрач іншаму. Гэта вельмі-вельмі важна.
Мы не можам сказаць, што Бенедыкт XVI быў закрыты. Але гэта быў чалавек навукі.
Папа Францішак дагэтуль вельмі сціпла жыў, у аднапакаёвай кватэры, ніколі не надаваў вялікага значэння рэчам матэрыяльным. Гэта патрэбна ў сённяшнім дні.
Мне падаецца, што Бог так спецыяльна зрабіў, што менавіта яго выбралі. Мы жывем у сучасным свеце матэрыялізму, пагоні за чымсці, у камфорце. Губляецца важнасць духоўнага жыцця. А ён пакажа стылем свайго жыцця, што самае галоўнае – духоўная старана чалавека. Мы павінны траціць свае сродкі і сілы, каб любіць іншых і дапамагаць ім.
Кожны чалавек розны, кожны мае свае характарыстыкі. Мне падаецца, што на кожны час ёсць адпаведны Папа. Ян Павел II шмат чаго зрабіў, першы выйшаў да народа, паадчыняў усе дзверы, ездзіў ува ўсе краіны, каб паказаць “Папа з вамі!”. Ён быў прыкладам супакою і любові.
Бенедыкт XVI быў больш навуковец, чалавек веры, ён разважаў, маліўся, заўсёды спакойны, ён таксама зрабіў свой унёсак. Цяпер прыйшоў Папа ўбогі. Ён невыпадкова выбраў імя святога Францішка.
Аб чым гаворыць гэтае імя?
Ён выбраў сабе апекуна на час сваёй папскай паслугі, каб паказаць, які ён. Кім быў святы Францішак? Ён публічна адрокся ад сваіх вялікіх багаццяў, каб служыць бедным. З гэтага паўстаў францішканскі ордэн, які з ХІІ стагоддзя існуе па сённяшні дзень. Папа ведаў, хто ён па натуры, таму ўзяў імя Францішка, каб быць простым для простых. Тут спаўняюцца словы Пісання, Ісус таксама прыйшоў да простых.
У Вербную (Пальмавую) нядзелю
Папа Францішак – першы не толькі з такім імем, але першы нееўрапеец, першы езуіт, першы сучасны Папа “з народу”. Ці можна чакаць ад яго кардынальных зменаў у Касцёле?
Думаю, кардынальных змен не будзе. Тое, што ён першы езуіт – цікава, гэта гістарычная падзея. Можа, будзе больш адраджацца езуіцкі ордэн?
А змены будуць у тым, што ён будзе мець свой стыль. Але ён будзе трымацца касцёльнай традыцыі, якая ёсць, якая была. Хтосьці пытаецца, ці ён дазволіць аднаполыя сужанствы – ні ў якім разе. Гэта не толькі супраць чалавечай прыроды, але і супраць Божага плану.
Папа Францішак з любоўю ставіцца да тых, хто мае праблемы сэксуальнага характару, але ён іх не падтрымлівае. Ён з любоўю адносіцца да хворых на СНІД, але не гаворыць, што трэба адно аднаго заражаць.
Відавочная пакора Папы. Калі ён у першы раз выйшаў на балкон, то пахіліўся перад усімі і папрасіў памаліцца за яго. Мяне гэта вельмі ўзрушыла. Такі крок сведчыць, што Папа ўсведамляе, які цяжар бярэ на свае плечы.
Многія тэлеканалы вялі прамую трансляцыю гэтай падзеі. Ён мог выйсці з высока паднятай галавой і сказаць: “Я – Папа!”, а ён пахіліў галаву і сказаў, што ён цяпер слуга. Гэтым ён крануў мяне.
На Вашую думку, як свет і Касцёл успрыме незвычайнага Папу?
Я думаю, што ён ужо стаў любімчыкам. Хтосьці гаворыць, што ён адмовіўся ад папскага аўтамабіля ды іншых прывілеяў, толькі каб паказацца, што ён грае на публіку. Я думаю, не – ён такім быў.
На інтранізацыі Папы прысутнічалі вернікі з усяго свету
Ён проста стаў Папам, але працягвае жыць, як жыў да гэтага часу. Думаю, дзякуючы гэтаму ён наблізіцца да простых вернікаў. Канешне, некаторыя зненавідзяць яго. Ім будзе сорамна, што яны не могуць жыць так, як ён. Думаю, што ён будзе ў будучыні прызнаны святым.
Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч мяркуе, што цяпер стаў больш рэальным візіт Папы ў нашу краіну. Што можа прынесці гэтая падзея Беларусі і Гродна?
Для нас гэта вялікая радасць, бо Папа быў езуітам, а наш касцёл (фарны – рэд.) таксама былы езуіцкі. Калі Папа прыедзе на Беларусь, то захоча паглязець езуіцкія касцёлы, а такую катэдру, як наша, проста не можна абмінуць!
Імя Францішак меў і святы Францішак Ксаверы, у гонар якога названая Фара, – вялікі місіянер. Думаю, што Папа таксама будзе шмат падарожнічаць. Маю надзею і буду маліцца ў гэтай надзеі, а таксама ўсіх заклікаю. Ну як так, Папа быў ва ўсіх краінах, а на Беларусі яшчэ не быў! Што мы – пракажонныя?..
Візіт Папы шмат чаго прынясе. Аб Беларусі даведаюцца ўсе астатнія, толькі з-за таго, што Папа тут быў. Калі Папа прыязджае, яго асоба змяняе погляды людзей. Хто сёння негатыўна рэагуе на Папу, напэўна зменяць свае думкі, калі убачаць яго самі. Сваім прыбыццём ён не толькі падыме наш аўтарытэт, але ўпэўніць нас у веры, падыме наш дух, ажывіць яго. Думаю, што гэты візіт палепшыць сітуацыю паміж каталікамі і праваслаўнымі.
Як Вы мяркуеце, ці важны для гарадзенцаў факт абрання новага Пантыфіка?
Думаю, важны, бо Папа грае значную ролю ў свеце. Тыя, хто цікавіцца жыццём палітычным, сацыяльным, для іх гэта важна. Ёсць і такія людзі, якім усё роўна, хто прэзідэнт, хто Папа. Я іх называю “людзі-трава”. Хто разумее штосьці ў гэтым жыцці, будзе перажываць, бо ведае, якія справы можа здзейсніць Папа.
Адкуль бы Папа не быў, ён уплывае на ход гісторыі. Калі выбралі Яна Паўла ІІ, усе былі здзіўленыя. А дзякуючы яму распачаўся заняпад камунізму. Ян ХХІІІ размаўляў з Амерыкай, з Хрушчовым, каб не было ядзернай вайны. Калі была халодная вайна і караблі былі падагнаныя да берагоў Кубы, магла распачацца трэцяя сусветная вайна…
Без рукі Папы тут не абыйшлося, каб быў мір. Папа мае вагу ў гэтым свеце. Калі кагосьці гэта не цікавіць, то хай чалавек жыве сваімі праблемамі, думае, чаму ўсё даражэе. Але трэба больш аб’ектыўна глядзець.
Сустрэча з дыпламатычным корпусам
Бенедыкт XVI адмовіўся ад Пятровай паслугі з-за дрэннага стану здароўя. Святы Айцец Францішак таксама немалады. Як Вы можаце патлумачыць выбар кардыналамі старэйшага чалавека?
Тое, што Бенедыкт XVI адышоў на пенсію – гераічны ўчынак. Напэўна, ён бачыў, як цяжка было Яну Паўлу ІІ у астатнія гады, калі ён быў слабы, калі яму было цяжка прамаўляць. І таму ён вырашыў памаліцца за Касцёл. Ён бачыў праблемы ў Касцёле, якія трэба вырашаць, можа, з іншым поглядам, з іншай сілай, таму ён адышоў, каб прыйшоў хтосьці другі. Што да абрання, то ў 76 год чалавек ужо дасведчаны, можа сказаць, што ўжо штосьці зрабіў, мае жыццёвую практыку, светапогляд.
Распаўсюджваюцца чуткі, што Францішак – апошні Папа. Як Вы параіце да гэтага ставіцца?
Таксама, як запавядалі канец свету 21 ці 22 снежня ці студзеня… Нават у Гродне людзі накуплялі прадуктаў і чакалі канцу свету! Гэта байкі. Я ў гэта не веру, і заклікаю ўсіх не верыць, таму што ніхто з нас не ведае і не можа прадказаць, калі будзе канец свету. Не варта нават звяртаць на гэта ўвагу.
Дзякуй за размову.
Здымкі Папы – Grzegorz Gałązka
Здымак кс. Яна Кучынскага – аўтарка