На “Дзелавым інтэрнэце” кажуць пра сеціва ў Гродне і Гродна ў сеціве

У мінулым годзе TUT.BY распачаў больш актыўную працу ў рэгіёнах. Навін Гарадзеншчыны на дадзены момант на партале публікуецца каля 10 ў дзень, у нашым горадзе даўно ўжо можна сустрэць рэкламныя білборды кампаніі.

 

Самымі папулярнымі навінамі Гарадзеншчыны, якія публікаваліся на партале за апошні месяць, аказаліся публікацыі звязаныя з начальнікам ДАІ падпалкоўнікам Сяргеем Талатаем і гісторыяй пра тое “Хто такі Талатай?”. Кожную з іх праглядалі каля 80-85 тысч разоў.

Аляксандр Чэкан прадставіў таксама прэм’ерную распрацоўку TUT.BY – праграму з курсамі валют для Android. Яе літаральна ўчора залілі на Google Play і гарадзенцы пабачылі яе аднымі з першых.

“Колькі карыстальнікаў сеціва ў Гродне?” – запытаўся Аляксандр у прысутных. Адказы з залы былі вельмі розныя: ад 150 да 490 тысяч. Насамрэч інтэрнэтчыкаў у нас каля 500 тысяч (гэта 10% ад усіх карыстальнікаў у Беларусі) з 1,2 млн жыхароў вобласці. Пранікнавенне інтэрнэта ў вобласці – 55,7% і гэта крыху менш чым сярэдні паказчык па краіне (60%).

 

Агулам у Беларусі 5,1 млн карыстальнікаў інтэрнэта ў Беларусі (асобы ад 15 год, тыя, хто хаця б раз у месяц заходзіць у сеціва). Дарэчы, 16% карыстальнікаў з Гарадзеншчыны прыйшло ў сеціва ў мінулым годзе. Растуць таксама тэмпы ўдзелу старэйшага пакалення ў інтэрнэце.

Атрымліваецца, што патэнцыйныя і перспектыўныя кропкі росту аўдыторыі гэта жыхары рэгіёнаў і асобы старэйшыя за 50 год.

 

Здымкі Юліі Лыткінай