Беларускі “Настрадамус”?

|

Звычайная сустрэча творчай інтэлігенцыі з жыхарамі правінцыйнага райцэнтра. Пісьменнікі расказвалі пра тое, якім яны бачаць далейшае развіццё беларускай літаратуры, чыталі свае творы, адказвалі на пытанні прысутных.

 

Напрыклад, Усевалад Краўчанка пазнаёміў удзельнікаў сустрэчы са сваім новым апавяданнем “Не поле перайсці”. Твор быў напісаны ў стылі тагачаснага метаду сацыялістычнага рэалізму.

 

Сюжэт немудрагелісты. Былы вясковы хлопец Вася Гардзевіч працуе матросам на невялікім рачным буксіры. У нейкі момант судна становіцца на прыкол, і матрос адпрошваецца ў капітана на бераг. Хоча наведаць маці, якую даўно не бачыў, а самае галоўнае, сустрэцца ў роднай вёсцы са знаёмай дзяўчынай, на якую мае пэўныя захады.

 

Вася Гардзевіч спяшаецца ў родныя мясціны і па дарозе сустракаецца з былым аднакласнікм Алесем, які працуе экскаватаршчыкам на асушцы балота. Паміж школьнымі сябрамі завязваецца гаворка. Сярод іншага Алесь паведамляе, што дзяўчына Клава, да якой, уласна кажучы, спяшаецца Васіль, ужо выйшла замуж за Алёшку Бондара, лётчыка: “На тыдзень прыехаў, і з ходу распісаліся”.

 

На гэтым заканчваецца, ледзь пачаўшыся, візіт Гардзевіча на радзіму. У роспачы матрос вяртаецца на свой буксір, дзе яго, як можа, супакойвае капітан.

 

Вось такое апавяданне. На мой погляд, без асаблівых мастацкіх вышынь, але з пэўным падтэкстам. Ну, савецкую літаратуру так і трэба было чытаць: пільна ўглядаючыся між радкоў.

 

У апавяданні Усевалада Краўчанкі гаворка ідзе пра сучаснасць, гэта значыць, пра пяцідзясятыя гады мінулага стагоддзя. І што мы бачым? Тагачасная моладзь не хоча заставацца ў вёсцы, уцякае з калгаса куды заўгодна. Галоўны герой твора працуе матросам, яго аднакласнік – экскаватаршчык (зноў не ў калгасе), маладая вясковая дзяўчына хутчэй выходзіць замуж за лётчыка (а не за механізатара). Дзеянне ў апавяданні адбываецца на Гомельшчыне, у родных для аўтара мясцінах. Прырода навокал проста цудоўная, але жыццё цалкам невыноснае.

 

Аднак не толькі намёкамі на цяжкую калгасную рэчаіснасць  гэты твор цікавы нам сёння. Ёсць у ім яшчэ дэталі, якія ацэньваеш толькі з пазіцыі нашага дня. Возьмем, да прыкладу, вобраз капітана буксіра. Гэта – пажылы вусаты мужчына з маршчыністым, бронзавым ад загару тварам, сталы, мудры, з вялікім жыццёвым вопытам. Вось як ён супакойвае ўсхваляванага матроса Гардзевіча:


“Жыццё пражыць, сынок, не поле перайсці. Так не бывае, каб чалавек пражыў без адзінай хмурынкі. Будзеш ты бачыць і шчасце, можаш стрэць і бяду. А шчасце тваё цябе не міне. Толькі само яно, Вася, не прыходзіць, за яго трэба змагацца, трэба рвацца яму насустрач”.

 

Такому капітану, згадзіцеся, не толькі караблём, дзяржавай кіраваць можна. А зваць яго… Леанід Ільіч! Глядзіце, як удала трапіў у “дзясятку” пісьменнік  яшчэ ў 1959 г., быццам у чароўнае люстэрка ўбачыў “дарагога Леаніда Ільіча Брэжнева”, які ў 1964 г. стаў першай асобай у Савецкім Саюзе.

 

Відаць, матроса Гардзевіча таксама чакала бліскучая будучыня. Менавіта матросам на рачным буксіры пэўны час працаваў будучы Генеральны сакратар  ЦК КПСС Юрый Андропаў.

 

І яшчэ такі момант. Вася Гардзевіч у падарунак маці вязе вялікую, у кветкі, паркалёвую хустку. Набыта яна ў магазіне ў… Чарнобылі! Аднак, з паўдарогі герой вяртаецца назад. Хустка з Чарнобыля да маці так і не трапляе. Аўтар быццам гаворыць: не трэба маці-Беларусі ніякіх падарункаў з Чарнобыля.

 

Такім чынам, мае землякі больш за паўстагоддзя назад, слухаючы тэкст звычайнага мастацкага твора, па сутнасці, даведаліся пра сваю будучыню. Усевалад Краўчанка раптоўна памёр у 1961 г. у саракапяцігадовым узросце. Шкада, што так рана. Увогуле, трэба жыць доўга, асабліва пісьменніку, каб у нейкі момант убачыць, што ў тваім творы ёсць не толькі вобразы і падзеі, але і выразнае дыханне таямнічага космасу.