Футбольны “Нёман” адкрыў чэмпіянат перамогай над “Славіяй”

|

З самай раніцы на гарадзенскім стадыёне ішла маштабная падрыхтоўка да матчу. Прыбіралі снег, чысцілі трыбуны і г.д.

За тры гадзіны да старту чэмпіянату ў Гродне, сустрэчу на штучным полі ЦСК “Нёман” правялі ветэраны мясцовага футбола (на фота ніжэй).

Увесь тыдзень нам паўтаралі, што на выходных ужо будзе вясна, маўляў, варта чакаць 6-8 градусаў. Абяцанага цяпла ў Гродне так і не дачакаліся. Але надвор’е не стала перашкодай для мясцовых аматараў футбола: на гульні прысутнічала каля 4500 чалавек. Свабодны ўваход апраўдаў сябе.

 

Варта адзначыць той факт, што амаль роўна год таму, у першым туры, гэтыя ж каманды сустракаліся. Тады гульня праходзіла ў далёкіх Хойніках, дзе падапечныя Сяргея Саладоўнікава абыгралі “Славію” з лікам 1:3.

 

     
 

ДАВЕДКА FCNEMAN.BY


Трохі аб ранейшых сустрэчах “Нёмана” і “Славіі”


Упершыню шляхi каманд перасекліся ў 1995 годзе, калі дэбютаваўшы у вышэйшай лiзе мазырскі “МПКЦ” ледзь не адабраў першае месца ў нязменнага чэмпіёна тых гадоў мiнскага “Дынама”.

Мазыране былі моцныя і разграмілі тады “Нёман” з вельмі непрыстойным лікам – 7:0. Бязвыйгрышная серыя для гарадзенцаў доўжылася вельмі доўга, пакуль у 2001 годзе падапечныя Сяргея Саладоўнікава не змянілі ход гісторыі.

З тых часоў у 13 сустрэчах супернік задавольваўся перамогай толькі раз. У мінулым сезоне “жоўта-зялёныя” тройчы абыгралі “Славію”, а ў хатнім матчы адпомсцілі за 1994 год – дома разграмілі мазыран з лікам 8:0!

2012.03.24 “Славія” – “Нёман” – 1:3 (Р.Волкаў 65 – П.Савіцкі 12, І.Крывабок 16, 67)
2012.05.24 “Нёман” – “Славія” – 8:0 (І.Крывабок 9, 22, 41, І.Дзенісевіч 37, 43, М.Вітус 39, П.Савіцкі 56, 79)
2012.11.03 “Славія” – “Нёман” – 0:1 (П.Савіцкі 53)

Для суперніка гэта параза стала самай буйной у гісторыі. Ва ўсіх трох апошніх матчах вызначыўся Павел Савіцкі.

 
     

Перад матчам традыцыйная (святочная) раздача ўсім жадаючым кашы і гарачай гарбаты.

 

Як і заўсёды, пачынаецца футбол у Гродне з аркестру і слова старшыні клуба Леаніда Дзмітраніцы. Пасля капітаны каманд урачыста адкрылі чэмпіянат узняццем сцягоў пад гімн РБ.

У першым тайме мы галоў не ўбачылі. Занадта шмат памылак дапускалі каманды. На 19 хвіліне, Савіцкі мог вывесці “Нёман” наперад, але ў патрэбны час ён не здолеў ударыць.

 

Вельмі прыкметны быў правы фланг “Нёмана” – Раўнейка і Рэкіш. Дзмітрый Раўнейка ўспамінае другую маладосць – у гэты дзень ён быў лепшым на полі.

У другім тайме каманды сабраліся і паказалі лепшы футбол. Першы і доўгачаканы гол наспяваў. На 60 хвіліне актыўны Дзмітрый Раўнейка ўспомнiў свае 22 гады, калі ён лётаў як шалёны. Пасля перадачы з центра поля, Дзіма прыняў добра мяч на флангу, абыграў Кавалеўскага, і з левай нагі дакладна прабіў у дзявятку варот Гаева.

 

Можна смела называць гэта голам тура. На стадыёне ўсе толькі і казалі пра Раўнейку. “Адзін Дзіма (Кавалёнак – рэд.) сышоў, другі зайграў…”. Праз некалькі хвілін Раўнейка мог аформіць дубль, але крыху не дацягнуў.

Другі гол “Нёман” правёў на 88 хвіліне. Яшчэ адзін абаронца Павел Рыбак, патрапіў у вароты галкіпера “Славіі”.

 

Матч так і скончыўся з лікам 2:0 на карысць гаспадароў. “Славія” ж не змагла стварыць ніякага больш-менш небяспечнага моманту ля варот Сяргея Чэрнiка.

 

Абарона “Нёмана” згуляла на выдатна! Забілі і не прапусцілі. Гэта добры пачатак, летась гэтаксама пачыналі.

 

Галоўны трэнер “Нёмана” Сяргей Саладоўнікаў:

 

“Дзякуй работнікам стадыёна за тое, што падрыхтавалі, мабыць, найлепшае поле ў Беларусі. Удзячны заўзятарам, якія цёпла нас сустрэлі.

 

Першы тайм атрымаўся вельмі нервовым, а ў другой палове сустрэчы забіты гол надаў нам упэўненасці. Ад Рэкіша чакаем большага. Але яго першую гульню за нас дрэннай назваць нельга.”

 

Дзмітрый Раўнейка: “Першая сустрэча чэмпіянату атрымалася крыху нервовай. Таму не маглі спачатку паказаць сваю звычайную гульню, супернік месцамі дзейнічаў самааддана.

 

Гульня ішла да гала. Добра, што першымі вызначыцца атрымалася менавіта нам. Пасля “Нёман” меў яшчэ некалькі момантаў, у тым ліку і я. Увогуле, матч атрымаўся цяжкім, баявым, магчыма, без асаблівых вынаходніцтваў.

 

Фізічна каманда адчувала сябе добра, ніхто не скардзіўся. Трэнерскі штаб добра падрыхтаваў нас да гульні. Асабіста на мяне негатыўна адбіўся пераход з штучнага газона на натуральны. Сам папрасіў замену, бо атрымаў мікратраўму.”

 

Ну што ж, на тыдзень мы пакуль што першыя, паглядзім, што будзе далей. Табліцу можна паглядзець тут.

 

У наступным туры (7 красавіка) сустракаемся з бабруйскай “Белшынай”, якая ў суботу выйграла ў “Дынама-Брэст”. Дакладнае месца матчу яшчэ невядома, бо бабруйскі стадыён не гатовы. Ёсць верагоднасць, што матч другога тура пройдзе ў Гродне.

 

Здымкі аўтара