“Нёман” – чэмпіён Беларусі па хакеі!

|

Учора на матчы прысутнічала каля 3500 чалавек, пры ўмяшчальнасці арэны на 2500 чалавек. Квіткі куплялі любым спосабам і за любыя грошы, каб патрапіць і паглядзець, як “Нёман” атрымлівае чарговую перамогу і заваёўвае кубак.

У першым перыядзе хакеісты “Нёмана” адправілі дзве безадказныя шайбы ў вароты “Металурга” – спачатку Андрэй Макроў у большасці, а затым Петэр Фабуш таксама ў лікавай большасці. У другім перыядзе шайбаў мы не ўбачылі. У заключным перыядзе Андрэй Спірыдонаў адыграў адну шайбу, але на большае гасцей не хапіла.

 

“Нёман” – “Металург” 2:1 (2:0, 0:0, 0:1)

Шайбы:

12,02 1:0 – А. Макроў (В.Мiхайлаў)
19,02 2:0 – Фабуш (Коршунаў – больш.)
53,52 2:1 – Спірыдонаў (Хамко, Рэмезаў)

 

Лік у серыі: 4-0

Такім чынам, “Нёман” выйграў чатыры матчы запар і ў чацвёрты раз стаў чэмпіёнам Беларусі.

 

Раней каманда з Гродна станавілася пераможцам першынства ў сезонах 1997/1998, 1998/1999, а таксама 2000/2001.

Гарадзенскі “Нёман”, атрымаўшы ў фінальнай серыі “сухую” перамогу над жлобінскім “Металургам” (4:0), паўтарыў дасягненне “Юнаcцi” і “Кераміну”, якім у сезонах 2005/06 і 2007/08 таксама спатрэбіліся толькі чатыры матчы для афармлення чэмпіёнскага тытула. Акрамя таго, цяперашні фінал стаў шостым у гісторыі АЧБ, у якім была зафіксаваная “сухая” перамога.

 

Усе фінальныя серыі плэй-оф АЧБ

2001/02 “Керамін” – “Хімвалакно” – 3:0 (3:1, 4:1, 6:5)
2002/03 “Гомель” – “Керамін” – 3:0 (6:3, 3:2 АД, 3:2 Б)
2003/04 “Керамін” – “Юнаcць” – 0:3 (3:4, 0:2, 1:2)
2004/05 “Юнаcць” – “Керамін” – 4:1 (4:0, 2:3, 6:5, 4:2, 3:0)
2005/06 “Юнаcць” – “Дынама” Мн – 4:0 (5:2, 5:0, 5:2, 8:3)
2006/07 “Керамін” – “Дынама” Мн – 1:4 (1:6, 2:3, 1:3, 3:2, 2:5)
2007/08 “Керамін” – “Юнаcць” – 4:0 (2:1, 2:1, 5:1, 2:1 АД)
2008/09 “Юнаcць” – “Гомель” – 4:3 (3:2 АД, 0:2,, 2:3 АД, 0:4, 3:1, 3:2, 1:0)
2009/10 “Юнаcць” – “Шахцёр” – 4:3 (1:2 2ОТ, 4:3 АД, 2:3 2ОТ, 3:2, 7:1, 2:3, 2:1 АД)
2010/11 “Юнаcць” – “Нёман” – 4:2 (6:1, 3:0, 4:3 АД, 3:4 2ОТ, 3:4, 3:0)
2011/12 “Металург” – “Нёман” – 4:2 (2:3, 3:2, 5:2, 2:3, 3:2, 1:0)
2012/13 “Металург” – “Нёман” – 0:4 (2:3, 1:2 АД, 0:2, 1:2)

Галоўны трэнер ХК “Нёман” Дзмітрый Краўчанка:

 

“Віншую Гродна з перамогай. З тым, чаго чакалі 12 гадоў. Шмат было перыпетый, розных момантаў. Былі моманты, калі не разумелі, што рабіць. Дзякуй кіраўніцтву, калі стрымалі свае намеры, калі можна было нешта іншае рабіць.

 

Для нас 2013 год, яго пачатак даволі шчаслівы. Дзякуй заўзятарам, за тое, што падтрымлівалі на працягу ўсяго сезона.

 

Па матчу. Была добрая роўная барацьба. У нейкіх момантах выйгралі, таму што стрывалі. Калі праявіць цярпенне, дасягаеш выніку. Дзякуй спартоўцам за самаадданасць, за гульню праз боль. У нас гатовы быў гуляць Маляўка Сашка, які два тыдні таму вывіхнуў плячо. Мужчына. Як бы там ні было – мы выйгралі.”

Гулянні працягнуліся і пасля гульні, у кожным раёне горада даносілася: “Нёман – чэмпіён!!!”

 

Здымкі Вольгі Мілавай