Конкурс “Будзь у Трэцім!” называе пераможцаў

|

Падвядзенне вынікаў адбудзецца 4 красавіка.

Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” другі год запар ладзіць конкурс “Будзь у Трэцім!”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя дзейнасці грамадскіх арганізацый, ініцыятыў і асоб Гарадзеншчыны, якія робяць вялікі ўнёсак у вырашэнне важных мясцовых пытанняў.

 

Сёлета конкурс мае шмат асаблівасцей. Па-першае, колькасць намінацый павялічылася да сямі і ахапіла самыя разнастайныя сферы грамадскай дзейнасці.

 

Па-другое, пераможцаў у кожнай намінацыі абіраюць цяпер не толькі інтэрнэт-карыстальнікі, але і прафесійнае міжнароднае журы, у склад якога ўвайшлі 24 прызнаных эксперта з Беларусі, Польшчы, Украіны і Нямеччыны.

 

Таксама асаблівасцю гэтага года стала з’яўленне адмысловай старонкі конкурса, дзе можна знайсці ўсю інфармацыю пра канкурсантаў, сябраў журы, умовы галасавання і г.д.

 

У конкурсе сёлета прымаюць удзел 30 канкурсантаў, сярод якіх пяць прадстаўнікоў вобласці. У пілотным конкурсе гэтая лічба была значна ніжэйшая.

 

Імёны пераможцаў вы зможаце даведацца першымі на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання, якая адбудзецца 4 красавіка па адрасе: вул.Будзёнага 48А, п.38.

Пачатак у 18 гадзін!

 

На цырымоніі кожны ўдзельнік зможа расказаць пра сябе, атрымаць карысныя парады ад экспертаў адносна сваёй дзейнасці.

Акрамя ўручэння каштоўных прызоў і дыпломаў удзельнікаў цырымоніі чакае падарунак – выступ гарадзенскага гурта “Людзі на балоце”!