Фенамен горада
Па словах вядомага беларускага гісторыка О. Трусава, у канферэнцыі, арганізаванай Гарадзенскім дзяржуніверсітэтам, удзельнічалі каля 20 навукоўцаў – філосафы, сацыёлагі, культуролагі і гісторыкі з Беларусі, Літвы і Польшчы. Яны абмеркавалі пытанні гісторыі гарадоў беларуска-польска-літоўскага памежжа ад старажытнасці да сучаснасці, а таксама перспектывы развіцця гэтых населеных пунктаў.
Сярод найболей цікавых выступаў Трусаў вызначыў даклады дэкана факультэта гісторыі сацыялогіі Беластоцкага ўніверсітэта, доктара сацыялогіі, прафесара А. Садоўскага па пытаннях уздзеяння культур розных этнасаў і канфесій на гарадское жыццё, загадчыка кафедры філасофіі і паліталогіі Віленскага ўніверсітэта імя Стэфана Баторыя Т. Качараўскаса і даследніцы з Мінска А. Шыраканавай па праблемах уплыву культуры на развіццё горада, гарадзенскай даследніцы Н. Сарокінай па пытаннях айчынных мястэчкаў як гістарычна-культурнага феномену Беларусі, а таксама гарадзенскай вучонай Вольгі Сабалеўскай па праблемах горада як сацыяльна-культурнай дамінанты габрэяў Беларусі ў канцы XVIII – пачатку XX стагоддзяў.
У сваім дакладзе «Асноўныя этапы развіцця беларускага горада» Трусаў падзяліў мінулае айчынных гарадоў на дзевяць этапаў і даў характарыстыку кожнаму з іх – ад старажытнага Полацка да сучасных беларускіх гарадоў.
«Зараз, калі з удзелам Беларусі пачалася рэалізацыя праграмы «Усходняе партнёрства», вельмі важна даследаваць гэтыя рэгіянальныя праблемы на стыку дзяржаў і культур, бо іх вывучэнне можа дапамагчы знайсці выхад з эканамічнага і культурнага крызісу, тым больш што ўсе гарады, аб якіх ішла размова на канферэнцыі, перш належылі Рэчы Паспалітай і з’яўляюцца населенымі пунктамі еўрапейскага, а не еўразійскага кантэксту», – падкрэсліў Трусаў. Матэрыялы канферэнцыі будуць надрукаваныя ў часопісе літоўскіх сацыёлагаў.
Па інф. «Беларускіх навінаў»
>
На здымках: «Новы свет» Гродна
Фота з архіву ТС