Эксперты ГрДУ: альбом “Belarus Press Photo” прыніжае годнасць беларусаў

|

Фатографы Юлія Дарашкевіч і Вадзім Заміроўскі – арганізатары конкурса “Прэс-фота Беларусі” – учора атрымалі ад КДБ позвы ў суд у якасці “зацікаўленых асоб”.

 

З атрыманага ліста вынікае, што экпертная ацэнка канфіскаваных фотаальбомаў была прызначаная 26 лютага 2013 года. У камісію ўвайшлі галоўны ідэолаг Павел Скрабко і супрацоўнікі ГрДУ: кіраўнік кафедры угалоўнага права Вадзім Хілюта, кіраўнічка кафедры замежных моў Аксана Шульга і старэйшы выкладчык кафедры дызайна Аляксандр Бондар.

 

18 сакавіка КДБ атрымала даведку экспертнай камісіі, паводле якой альбомы “Прэс-фота Беларусі 2011” утрымліваюць “наўмысна скажоныя, непраўдзівыя выдумкі пра жыццё Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, што прыніжае нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Беларусі”.

 

Паводле экспертаў, падборка матэрыял адлюстоўвае выключна негатыўныя аспекты беларускага жыцця і “падрывае аўтарытэт дзяржаўнай улады і давер з боку іншых дзяржаў, замежных і міжнародных арганізацый”.

Суд па справе канфіскаваных альбомаў адбудзецца 17 красавіка ў 11.00 у Ашмянах.

 

Нагадаем, першапачаткова альбомы, паводле вынікаў экспертызы мытнікаў, мелі быць знішчаны.

 

Здымак Яна Лялевіча