Гарадзенская экспертыза фотаздымкаў: першая ў свеце?

|

Аказваецца, фотаздымкі, змешчаныя ў кнізе, утрымліваюць “наўмысна скажоныя, непраўдзівыя выдумкі пра жыццё Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, што прыніжае нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Рэспублікі Беларусь”.

 

І далей:

 

“Падборка матэрыялаў фотаальбома ў сукупнасці адлюстроўвае толькі негатыўныя аспекты жыццядзейнасці беларускага народа…”


У найноўшай беларускай гісторыі ўжо былі спробы ацэнкі з пункту гледжання ідэалагічнай правільнасці публіцыстычных артыкулаў, розных мастацкіх твораў, нават вершаў.

 

Аднак заявіць, што фотаздымак скажае рэчаіснасць – гэта, здаецца, адбылося ўпершыню ў свеце!

 

Хто ж аўтары бліскучай экспертызы? Вось яны: галоўны ідэолаг вобласці Павел Скрабко, загадчык кафедры крымінальнага права Вадзім Хілюта, загадчыца кафедры замежных моў Аксана Шульга і старэйшы выкладчык кафедры дызайна Аляксандр Бондар. Усе навукоўцы – з Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта.

 

Спадары эксперты, вы хоць самі фотаздымкі бачылі? Я адмыслова паглядзеў у інтэрнэце і… быў уражаны іх высокім узроўнем! Вельмі ўдала спалучаецца ў работах фотамайстроў дасканалы тэхнічны бок выканання з мастацкімі вартасцямі.

Таму хочацца спытацца ў дызайнера Аляксандра Бондара, дзе канкрэтна ён убачыў прыніжэнне нацыянальнай годнасці ў фотаздымку Сяргея Гудзіліна пра вайскоўцаў, што глядзяць вячэрнія тэленавіны? Альбо такое ж пытанне да кандыдата псіхалагічных навук Аксаны Шульгі ў адносінах да работы Наталлі Аблажэй (фота вышэй). Старэнькая жанчына кідае бюлетэнь у скрыню для галасавання ў сваёй хаце. Колькі цікавых псіхалагічных нюансаў перадае гэтае фота!

Альбо такі сюжэт са здымку Віктара Драчова: жанчына адпачывае пасля збору ўраджаю пшаніцы ў гарачы летні дзень. Стомлены твар, выцірае пот з ілба. Гэтага акурат і не трэба паказваць? А што трэба? Каб з радаснай усмешкай пасля цяжкага працоўнага дня каталася на лыжах? Не, гэтага таксама не трэба…

 

Адзін з беларускіх тэлевядучых любіў паўтараць з экрана, маўляў, няма чаго скардзіцца на жыццё, “як ёсць, так ёсць”. У кадр фотамайстра трапляе толькі тое, што вакол нас. А мастацтвазнаўцам у цывільным, кандыдатам навук і нават дызайнерам, хочацца сказаць: над вамі смяяліся яшчэ ў савецкія часы. Знакаміты бард Уладзімір Высоцкі, быццам узіраючыся ў нашу сітуацыю, спяваў пра тагачаснага ворага, які з дапамогай фотаапарата шкодзіў савецкай уладзе:

 

Наш родной центральный рынок

Стал похож на грязный склад.

Искаженный микропленкой

ГУМ стал маленькой избенкой.

И уж вспомнить неприлично,

Чем предстал театр МХАТ.

 

Гісторыя паўтараецца?

 

Птушаняты махнаногага сыча, здымак Наталлі Аблажэй. “Наша ніва” пажартавала, што гэта – самы экстрэмісцкі здымак у альбоме.