Ігар Кузьмініч: наперадзе чакае новае жыццё

|

Чым найбольш запомніўся першы пасля звальнення тыдзень?

 

Запоўніўся падтрымкай, якую мне дэманстравалі знаёмыя і зусім незнаёмыя людзі. З блізкімі і сябрамі – гэта зразумела, але тое, што вялікая частка незнаёмых людзей адгукнуліся – прыемна. Прычым падтрымка выказвалася не толькі ў інтэрнэце.

 

Пару дзён таму іду па горадзе. Бачу, нейкі чалавек, што ідзе мне насустрач пільна так прыглядаецца да мяне, як быцам прыгадвае. Раптам спыняецца каля мяне, працягвае мне сваю руку, цісне і выказвае словы падтрымкі. Я гэтага чалавека зусім не ведаю, мы не сустракаліся раней ніколі.

 

Ты адпрацаваў ва ўніверсітэце амаль дваццаць гадоў і шмат чаго ўклаў у яго. Чаго з таго, што ты меў ва ўніверсітэце, табе будзе не хапаць найбольш?

 

Найбольш будзе не хапаць працы са студэнтамі. Будзе не хапаць дыскусій і абмеркаванняў: часам спрошчаных, часам нават наіўных, але заўсёды шчырых.

 

Яшчэ вельмі істотным для мяне асабіста быў калектыў людзей, у якім я працаваў. І тут гаворка не толькі пра кафедру ці факультэт, але ўніверсітэт у цэлым. Гарадзенскі ўніверсітэт гэта не карпусы і факультэты, а канкрэтныя людзі. Штодзённых кантактаў з гэтымі людзьмі мне будзе не хапаць.

 

Услед за табой з універсітэта звольнілі прафесара Шведа. Ці варта чакаць працягу гісторыі з выцісканнем няўгодных выкладчыкаў з гэтай установы?

 

Хочацца спадзявацца, што ўсё нармалізуецца і больш нікога не выкінуць. Але застаецца верагоднасць таго, што гэта не апошні выпадак звальнення выкладчыка.

 

Чым плануеш займацца ў бліжэйшыя тыдні?

 

У бліжэйшы час трэба прыйсці ў сябе. Занадта хутка на мінулым тыдні разгортваліся падзеі. Амаль адразу пасля майго ліста звольнілі Вячаслава Шведа. Асабіста я быў вельмі ўражаны гэтым і пачаў нават звязваць гэтае звальненне са сваім адкрытым лістом. На шчасце, Вячаслаў Вітальевіч, з якім мы размаўлялі пасля ўсяго, не лічыць мяне вінаватым у тым, што адбылося.

 

Наперадзе нас чакае новае шчаслівае жыццё. Я ў гэта веру.