“Мяне прыцягнуў узнёслы вобраз валанцёра”

|

Кола яе дзейнасці вельмі шырокае: яна дапамагае бадзялым жывёлам, удзельнічае ў расчыстцы лесу ад бытавога смецця, працуе з дзецьмі, якія засталіся без бацькоў, і людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі.

 

Мы паразмаўлялі з Алесяй яшчэ да таго, як былі падведзеныя вынікі конкурса.

 

Алеся, раскажы пра тое, як ты стала валанцёркай.

 

У маю студэнцкую пару ўвесь час былі на слыху розныя валанцёрскія атрады. То ў “Артэк” ехаць агітавалі, то рэчы нейкія збіралі, то ў хоспісе прапаноўвалі працаваць.

 

Узнёслы вобраз валанцёра – гэткага рамантыка, які ведае нейкую таямніцу – вабіў, прыцягваў. Але, як кажуць у такіх выпадках: усе неяк рукі не даходзілі.

 

Праз некаторы час пасля заканчэння ВНУ ў сацыяльных сетках сталі з’яўляцца суполкі, якія адпавядалі маім інтарэсам. Першай, у якую я ўступіла, стала суполка ГГААЖ “Адданае сэрца”. Тут з’яўляліся навіны пра дзейнасць аб’яднання – каго дзе знайшлі, хто каго прытуліў, што патрабуецца для жывёл і г.д. Я зразумела: кепска быць “мёртвай душой”, таму напісала каардынатарам.

 

Вельмі хвалявалася, калі ішла на першую сустрэчу. Але хваляванне было прыемным: адчувала, што пачынаецца новы этап у маім жыцці.


Што матывуе займацца валанцёрствам?

 

Цікавыя людзі, чые інтарэсы шырэйшыя за тэлевізар, спаборніцкае спажыванне, паліраванне і агранку ўласнага эга: “злыдняў” ніколі не сустрэнеш у такой супольнасці.

 

Для мяне важна бесперапыннае развіццё, таму што даводзіцца шмат узаемадзейнічаць як з людзьмі, так і з жывёламі.

 

Ёсць і эмацыйны складнік ад усведамлення таго, што адначасова, дапамагаючы змяняць у лепшы бок чыёсьці жыццё, тваё жыццё змяняецца ў тым жа накірунку.

 

Ты і камусьці дапамагаеш, і сабе. Нешта ў стылі: рабі дабро і шчасце само будзе бегаць за табой!


Самае яркае ўражанне ад валанцёрскай дзейнасці ў апошні час?

 

Цікавым для мяне стаў досвед удзелу ў расчыстцы царквы ў Мураванцы мінулым летам. Гэта быў праект Беларускага дабраахвотнага таварыства Аховы помнікаў гісторыі і культуры.

 

Калі  дапамагаеш жывёлам – у адказ чуецца іх ласкавае буркатанне, калі дзіцяці – бачыш яго ўсмешку і шчасце, а тут будынак царквы – эмоцыі не выказвае, але ўсё роўна ад яго зыходзіла нейкая ўдзячнасць.


Як на тваю думку можна прыцягнуць людзей да валанцёрскай дзейнасці?

 

Чалавек сам павінен да гэтага прыйсці. Важкія адгаворкі заўсёды знаходзяцца: сваё жыццё трэба будаваць, дзяцей гадаваць, грошы зарабляць.

 

З цвёрдай упэўненасцю магу сказаць, што ў валанцёрскай супольнасці амаль палова – сямейныя людзі, а ў некаторых нават па трое дзяцей! Я бязмерна ганаруся гэтымі людзьмі і паважаю іх.

 

Што тычыцца грошай, то заўважыла па сабе: калі купіш корм кату або сувенір дзіцяці, то нейкім неверагодным чынам гэтыя выдаткаваныя грошы вяртаюцца назад у большым памеры.


У канцы раскрый сакрэт: ці маеш ідэі новых праектаў?

 

Я – просты пралетар! (усміхаецца). Мне больш падабацца ўдзельнічаць у чыіх-небудзь задумах. Аднак, калі казаць пра мару, то гэта праекты стварэння глабальнай эка-свядомасці і эка-стылю, сяброўскіх абдымкаў з Прыродай.