Грузавыя аўтамабілі чакаюць на польска-беларускай мяжы 58 гадзін
У гэтай чарзе стаіць 700 фур. Аднак польскі бок лічыць, што сёння раніцай тэндэнцыя пачала змяняцца на аптымістычную і чарга пачала змяншацца.
Складаная сітуацыя тыповая для ўсёй усходняй мяжы Польшчы. Сярэдні час чакання ў Баброўніках – 47 гадзін, у Карошчыне – 40.
Мытная служба Польшчы паведамляе, што стала падтрымлівае кантакт з беларускім бокам, каб паскорыць абслугоўванне фур, што ўжо прайшлі польскі мытны дагляд. Паводле польскіх мытнікаў, на працягу адной змены, якая працягваецца 12 гадзін, яны прапускаюць у сярэднім 250 аўтамабіляў, а беларускі бок прымае толькі 200.
На відэа – бясконцая чарга на трасе з Беластока ў Кузніцу
У мінулым месяцы ваявода Падляшскага ваяводства Мацей Жыўна на сустрэчы з журналістамі паведаміў, што ў 2014 фрагмент трасы з Сакулкі ў Кузніцу можа быць мадэрнізаваны і пашыраны да трох палос. Аднак падрабязнасці інвестыцый усё яшчэ невядомыя.
Вялікія чэргі ўзніклі таксама на польска-ўкраінскай мяжы: там яны маюць даўжыню ад 5 да 42 кіламетраў.
На здымку – чарга ў ваколіцах Сакулкі, 13.04.2013
Здымак isokolka.eu