Акцыя “Прыпыні імгненне”: у Гродне яшчэ ёсць за што пазмагацца

| Без катэгорыі

Раніцай 13 красавіка неабыякавыя да будучыні гарадзенскіх помнікаў сабраліся ў дворыку галерэі “Крыга”. Агулам было больш за дваццаць чалавек: з Гродна, Мінску, Паставаў і нават з Бабруйска.

Арганізавала акцыю ініцыятыва “Варштат ідэй”. Адна з мэтаў – зафіксаваць зменлівае гістарычнае аблічча горада. Здымкі паслужаць для стварэння інтэрнэт-мапы гарадзенскіх помнікаў, якія, на жаль, адыходзяць з кожным годам.

 

Арганізатары Таццяна Касатая і Зміцер Бандарчук раздалі кожнаму ўдзельніку карткі з пералікам адрасоў аб’ектаў для фатаграфавання. Цікава, што многія вуліцы ў спісах пазначаліся старымі назвамі: напрыклад, вуліца Карла Маркса на некалькі гадзін ізноў стала Брыгіцкай, а Акадэмічная ізноў стала Кірхавай. Зміцер Бандарчук адзначыў, што мерапрыемства мела і асветніцкую мэту.

 

Удзельнікі атрымалі заданне паасобку ці малымі групамі зрабіць здымкі ўсіх каштоўнасцей на “сваёй тэрыторыі” з усіх бакоў. “Помнік – ён жа помнік з усіх бакоў”, – патлумачыў Зміцер.

Цяжкасцю для фатографаў стала знайсці патрэбныя адрасы – некаторыя адздымалі не свае вуліцы. Таксама нялёгка было абысці навокал кожны будынак з-за бруду ад талага снегу.

 

Акцыя заняла каля чатырох гадзін. Па словах арганізатараў, атрымалася рэалізаваць каля 80% задуманага. Некалькі адлеглых помнікаў пакінулі, каб адздымаць на наступны дзень.

 

Падарункам для фатографаў стала экскурсія на вежу Фарнага касцёла да старадаўняга гадзінніка, якую правёў кс. Ян Кучынскі.

Таццяна Касатая:

 

“Вельмі прыемна, што людзей прыйшло больш, чым было зарэгістравана. Мы бачылі з якім імпэтам, захапленнем яны бралі карткі, фатаграфавалі, якія ўражанні распавядалі пасля таго.

 

Прыемна было чуць, што хтосьці нарадзіўся ці жыве ў горадзе некалькі год, але дагэтуль не шпацыраваў ніколі па гэтых вуліцах, не фатаграфаваў іх. Таму сённяшняя акцыя прайшла больш не для нас, а для ўдзельнікаў.

 

18 красавіка адзначаецца сусветны дзень помнікаў. Да гэтага дня мы прымеркавалі нашу акцыю. У гэты дзень мы дакладна скажам, колькі здымкаў атрымалася, паведамім нашыя планы на будучыню, скажам, чаму менавіта мы рабілі гэту акцыю. Адбудзецца маленькая прэс-канферэнцыя.

 

Тое, што мы казалі аб мэтах – праўда: зафіксаваць стан будынкаў на сённяшні момант. Але мы не ўсё сказалі пра тое, што далей будзем рабіць са здымкамі. 18 красавіка будзе для гэтага добрая нагода”.

 

Зміцер Бандарчук:

 

“Гародня ўвесь час змяняецца. З’яўляюцца, напрыклад, новыя дзверы ў старых будынках. Ані грамадства, ані дзяржава не кантралюе гэтых змен. Таму трэба з нечага пачынаць, фіксаваць.

 

На жаль, нічога такога – каб зафіксаваць Гародню за адзін дзень – ніколі раней не рабілі. Прынамсі, мы такой інфармацыі не знайшлі. Калі гэта спадабаецца, калі атрымаецца зрабіць мапу, то мы паўторым акцыю праз год.

 

Паглядзім, што змянілася праз год. Тады можна будзе што заўгодна казаць пра турыстычную прывабнасць горада, але ёсць канкрэтныя змены ў лепшы ці горшы бок. Тады пра гэта можна будзе казаць больш наглядна.

 

Далучайцеся! Мы не зачыняем дзверы “Варштату ідэй” і запрашаем усіх, каму цікава гісторыя Гародні і яе будучыня. Цяпер дзесьці для дзесяці чалавек “Варштат ідэй” – гэта штодзённае перажыванне. Да ста чалавек праглядае штодня нашыя навіны ў Facebook і Вконтакте”.

 

Унутраны дворык камяніцы па вул. Гараднічанскай

 

Філіп, 20 год, удзельнік акцыі “Спыні імгненне”: “Я ўдзельнічаў перш за ўсё, каб лепш пазнаць горад. Жыву ў ім толькі шэсць год, але ён стаў для мяне родным. Хочацца яго ведаць з усіх бакоў.

 

Сёння касцёл уразіў сваёй веліччу. Даведаўся, што ў цэнтры горада ў нас так шмат помнікаў архітэктуры”.

 

Будынак на скрыжаванні вуліц Карла Маркса і Маладзёжнай

 

Марына, Бабруйск: “Прыехала паўдзельнічаць у акцыі, бо люблю Гродна. Я гатова фатаграфаваць тут і будынкі, і пейзажы, і людзей проста так, незалежна ад акцыі: рабіла так шмат разоў.

 

Акцыя мне была цікавай, бо маю непасрэднае дачыненне да аховы гісторыка-культурнай спадчыны.

 

Архітэктура мае сваю асаблівую мову. Дамы ўмеюць гаварыць. Калі так ходзіш, фатаграфуеш, углядваешся у дэталі, быццам пачынаеш чуць, што яны гавораць.

 

Сёння я пачула, што Гродна мае цікавую і багатую гісторыю. Унікальны горад. І фіксацыю трэба было праводзіць нашмат раней, да 2005 году. Бо ў 2005 годзе пачалося вынішчэнне гісторыка-культурнай спадчыны горада.

 

Добра, канешне, што гэта зрабілі цяпер. Але мне незразумела, як такая акцыя паспрыяе захаванню помнікаў, бо шмат здымкаў гістарычных каштоўнасцей ужо існуе. Але не хачу крытыкаваць гэтае мерапрыемства”.


У дварах вул. Карла Маркса


Таня, архітэктар, 23 гады: “Я цікаўлюся архітэктурай, таму прымала ўдзел у акцыі. Уражанні – дужа прыемна, дужа файна, дужа цікава!”

 

Эльвіра, 21 год, Паставы: “Упершыню была ў Гродне ў мінулым годзе, мне тут вельмі спадабалася. Цяпер з’явілася магчымасць прыехаць, паўдзельнічаць у вартым мерапрыемстве.

 

Хацела зрабіць штосьці карыснае для гісторыі, для Беларусі, для сваёй краіны, і для нашых нашчадкаў. Я хачу, каб яны ведалі, як выглядаў Гродна ў часы маёй маладосці, каб яны не забываліся, што ў яго ёсць багатае гістарычнае мінулае”.

 

Марына, 27 год: “Дзіўныя перажыванні. Раней не бачыла Гродна з такіх бакоў. Асаблівым адкрыццём былі дворыкі і нефасадныя сцены помнікаў – разбітыя, забруджаныя, размаляваныя, яны нагадвалі нейкія бамжатнікі…

 

Сёння звярнула ўвагу на тое, што жудасныя будынкі ў найгоршым стане маюць на сабе шыльду “гісторыка-культурная каштоўнасць”. Не ведала, што ў Гродне так шмат помнікаў. Стамілася. Але іншымі вачыма паглядзела на свой горад. Таксама з захапленнем”.

 

Аляксей, мінчук: “Крыху стаміўся, але ўражанні вельмі файныя, таму што ніколі так шмат не бачыў у Гродне. Я тут другі раз. Але першы раз я толькі прайшоў па галоўных вуліцах, не заходзіў у двары.

 

Канешне, трэба абараняць тое, што захавалася. Але ў параўнанні з Мінскам сітуацыя значна лепшая: больш помнікаў, некаторыя нават добра аднавілі.

 

Часам глядзіш на Мінск і думаеш, што такая актыўнасць проста бессэнсоўная. А тут ёсць яшчэ за што пазмагацца…”


Андрэй, мінчук: “Канешне, трэба аднаўляць значна якасней, чым цяпер аднаўляецца, і адказней падыходзіць да гэтай справы. У Мінску такія акцыі мелі б больш сэнсу, бо там аднаўляецца “хайтэкам” і шклом. Тут сітуацыя палепей, але гэта не значыць, што трэба расслабляцца і адпачываць”.

 

Здымкі аўтаркі і Юліі Лыткінай