Турнір па танцах “Union battle” прайшоў у Гродне

|

13 красавіка ў зале ўніверсітэта імя Янкі Купалы прайшоў турнір па сучасных танцах “UNION BATTLE”. Турнір сабраў мноства танцораў з усяго горада. Хлопцы спаборнічалі ў намінацыях хіп-хоп і брэйк-данс. Усе ўдзельнікі засталіся задаволеныя. Пераможцы атрымалі граматы.

 

Адзін з арганізатараў Зміцер Шапечка (на здымку) распавёў “Твайму стылю” пра турнір і перспектывы:

 

– Наш турнір першапачаткова павінен быў згуртаваць два стылі танцу: хіп-хоп і брейкінг. Раней гэта быў адзін стыль, ніякага падзелу не было. Мы, як арганізатары, хацелі даведацца, які ўзровень нашых танцораў. І ў чарговы раз мы разумеем, што знаходзімся на добрым узроўні ды развіваемся ў правільным кірунку.

У будучыні мы імкнемся зрабіць фестываль яшчэ лепшым. Будзем запрашаць замежных танцораў, для пачатку з краін СНД. Але для ўсяго гэтага патрэбныя грошы: нам вельмі цяжка нешта рабіць без дапамогі дзяржаўных органаў. Спадзяемся, знойдзем падтрымку.

 

Мы плануем больш выязджаць, паказываць сябе. Яшчэ хацелася б сказаць усім людзям, каб не ставіліся да нас перадузята. Многія думаюць, што сучасныя танцы гэта толькі весялосць і забава. Паверце мне, гэта не так.

Я не кажу, што ў нас усе, хто танчаць, карыстаюцца папулярнасцю. Для нас танцы гэта жыццё, спорт і адпачынак. Калі дзеці з самага ранняга ўзросту прыходзяць да нас займацца, у будучыні яны становяцца ўпэўненымі, камунікабельнымі і “падкачанымі”. Але самае галоўнае – яны пачынаюць паважаць суперніка. Калі моладзь падрастае, мы бярэм іх на выезды, фэсты…

 

Лепш займацца танцамі, чым піць піва ў двары або сядзець за кампутарам цэлыя суткі. Усе, хто бывае на нашых тусах, зараджаюцца энергіяй і пазітывам. Мы развіваемся, далей будзе толькі лепш.