Гарадзенскі “Нёман” перамог БАТЭ

|

Напярэдадні сустрэчы каманды займалі два верхнія радкі ў турнірнай табліцы чэмпіянату.

 

Каманду Сяргея Саладоўнікава за дзень да мачта папоўніў славак Мілаш Лачны. Яго дэбют у складзе “Нёмана” прыйшоўся на цяжкія для клуба хвіліны.

 

З самага пачатку сустрэчы барысаўчане завалодалі ініцыятывай, а гаспадары стараліся гуляць на контратаках.

 

Клас асобных гульцоў БАТЭ прынёс свой плён на 26 хвіліне. Дасведчаны Радзівонаў пасля перадачы Аляксандра Глеба трапным ударам адправіў мяч у левы верхні кут гарадзенскай брамы.

 

Госці выйшлі наперад і сталі яшчэ больш насядаць на абарону гарадзенцаў.

 

У адказ Сяргей Саладоўнікаў яшчэ да перапынку зняў з гульні абаронцу Сяргея Раўнейку і выпусціў замест яго Мілаша Лачнага.

 

На 44-й хвіліне Вітус падмануў супернікаў і аддаў перадачу на Дзянісевіча. Капітан “Нёмана” прыгожа на замаху “прыбраў” абаронцу БАТЭ і зрабіў дакладную перадачу на Савіцкага. Павал свайго шанцу не змарнаваў і параўняў лік.

Праз імгненне Павал Савіцкі (з мячом) параўняе лік у сустрэчы 

 

Другі тайм пачаўся для гаспадароў проста цудоўна: Вітус дакладна адпасаваў на Савасц’янава, а Яўген з метраў трыццаці дакладна прабіў пад перакладзіну брамы Гарбунова.

 

Так гарадзенцы павялі ў ліку 2:1 і далей зайгралі ў свой любімы ў гэтым сезоне футбол на контратаках.

 

Актыўнымі былі Лачны, Дзянісевіч, бразілец Сеалін…

 

Пад канец матчу БАТЭ засталіся ў меншасці: галоўны суддзя выдаліў зорку гасцей Аляксандра Глеба за ўдар у твар суперніка.

 

Да асноўнага часу гульні было дададзена 5 хвілін, але “Нёман” адстаяў сваю перамогу!!!

 

Дагэтуль 13 матчаў запар “Нёман” не мог абыграць БАТЭ і вось у 14-ай сустрэчы каманда дала бой барысаўчанам і перамагла.

 

Зараз “Нёман” адзiнаасобна ачольвае табліцу, маючы ў актыве 10 ачкоў. Так удала ў чэмпіянатах краіны гарадзенцы яшчэ ніколі не стартавалі!

 

Наступную сустрэчы гарадзенцы згуляюць 21 красавіка ў гасцёх супраць “Мінска”.

 

17 красавіка. “Нёман” БАТЭ, Барысаў 2-1