Суд прызнаў альбомы “Прэс-фота Беларусі 2011” экстрэмісцкімі
Выкліканыя на суд у якасці “зацікаўленых асоб” фатографы Юлія Дарашкевіч, Аляксандр Васюковіч і Вадзім Заміроўскі мусяць аплаціць 200 тысяч рублёў дзяржпошліны і 17,5 тысяч судовых выдаткаў кожны.
Прысуд не ўступіў у законную сілу. Фатографы будуць абскарджваць рашэнне ашмянскага раённага суда ва ўсіх магчымых інстанцыях.
Суд працягваўся два дні і меў мець закрыты характар. Але ў пачатку разгляду справы суддзя раптам вырашыў зрабіць яго адкрытым, пасля чаго паслядоўна адмаўляў па ўсіх хадатайствах адваката (альтэрнатыўныя экспертыза, далучэнне 40 альбомаў да справы і г.д.).
41 асобнік альбома – публікацыі па выніках прафесійнага конкурса “Прэс-фота Беларусі” – былі канфіскаваныя 2 лістапада на памежным пераходзе “Каменны Лог” у фатографаў Юліі Дарашкевіч і Аляксандра Васюковіча. Іх, а таксама суарганізатара конкурса Вадзіма Заміроўскага, 4 красавіка выклікалі ў суд у якасці “зацікаўленых асоб”.
Упраўленне КДБ па Гродзенскай вобласці скіравала канфіскаваныя альбомы на экспертызу, якую праводзілі тры супрацоўнікі Гродзенскага ўніверсітэта і ідэолаг аблвыканкама. Яны палічылі, што публікацыі ўтрымліваюць “наўмысна скажоныя, непраўдзівыя выдумкі пра жыццё Рэспублікі Беларусь у палітычнай, эканамічнай, сацыяльнай і іншых сферах, што прыніжае нацыянальны гонар і годнасць грамадзян Беларусі”. Суд прызнаў рацыю экспертам.