Жыць у антыўтопіі, або Як фота можа быць экстрэмісцкім?

|

Тады ў афіцыйнай прэсе таксама было шмат размоў наконт антысавецкага кірунку кнігі і “ачарніцельства” ў ёй светлага і прыгожага тагачаснага жыцця.

 

Пазней адзін са стваральнікаў альманаха, вядомы расійскі пісьменнік Васіль Аксёнаў, абапіраючыся на рэальныя падзеі, напісаў раман “Скажи “изюм”, у якім расказаў пра супрацьстаянне таталітарнага рэжыму і мастака.

 

Каб яшчэ больш падкрэсліць абсурднасць сітуацыі, гаворка ў рамане ідзе не пра літаратурны альманах, а пра… фотаальбом. Васіль Аксёнаў ускліквае: як увогуле фота можа быць савецкім ці антысавецкім?

 

Калі б пісьменнік дажыў да нашага часу, ён бы са здзіўленнем пабачыў, што фотаздымак можа быць нават экстрэмісцкім. Здаецца, іранічны савецкі заклік “Мы рождены, чтоб Кафку сделать былью” не адышоў у мінулае, а трывала прыжыўся на нашай зямлі. Перагортваеш знакамітыя антыўтопіі (напрыклад, “1984” Оруэла) і бачыш знаёмыя рысы сённяшняга дня.

 

Калі ўжо гаворка зайшла пра антыўтопіі, то ў дадзенай сітуацыі немагчыма не ўспомніць сатырычны раман Уладзіміра Вайновіча “Масква, 2042”. Там карцінка вельмі яркая: “душылаўка” ў духоўнай сферы ідзе побач з крутым піке эканамічнага жыцця, і гэтыя з’явы цесна звязаны паміж сабой. Чаго толькі вартая доўгая чарга людзей з начнымі гаршкамі да прыёмнага пункту, на якім прымацаваны бадзёры лозунг “Кто сдает продукт вторичный, тот питается отлично”. Дажывем да такога?