Гарадзенская сінагога паўдзельнічала ў фэсце экскурсаводаў
Старшыня габрэйскай грамады Барыс Максавіч Квяткоўскі (на здымку ніжэй) распавёў аб гісторычных і рэлігійных момантах жыцця габрэяў, паказаў сінагогу знутры.
Першае, што кідаецца ў вочы: сінагога нібыта падзелена напалову: “так было” і “так стала”. Частка сценаў звонку выглядае ледзь не як навабуд, дыхтоўна патынкавана, рэшта застаецца ў кепскім стане.
“Дзіўна, што такую веліч дагэтуль не аднавілі!..”, – паціху гаворыць побач выкладчыца ўніверсітэта, якая прывяла на экскурсію замежных студэнтаў. Хаця храм вярнулі грамадзе яшчэ ў 1991 годзе, грунтоўнае аднаўленне сінагогі і стварэнне музея пачалося ў кастрычніку 2011 года. Цяпер ладзіцца ўжо чацвёрты музейны пакой.
Унутры таксама вядуцца рамонтныя працы. Шмат зроблена ў параўнанні з тым, што было да рэканструкцыі. Хаця галоўная малітоўная зала для людзей звонку можа мала нагадваць месца для размовы з Богам. Яна бела-шэрага колеру, тынкоўка ў многіх месцах асыпалася, ля сцяны ляжаць будматэрыялы.
Адноўлены сімвалічныя юдэйскія аздабленні (зорка Давіда, гронкі гранатаў, надпіс імя Бога Яхвэ). “Калі мы сюды зайшлі, – расказвае старшыня габрэйскай грамады Барыс Максавіч Квяткоўскі, – тут увогуле не захавалася ніякіх надпісаў!”.
Стварэннем музея займаецца яго дырэктар Беньямін Ерузалім (на здымку справа). Існуе меркаванне, што габрэі – згуртаваны народ, які здольны аб’яднацца ў цяжкі час, дапамагчы ў патрэбе “сваім”. Аднак прыкладна трыста пяцьдзясят гарадзенскіх габрэяў (малітвы наведвае каля дванаццаці) фінансава не ў стане аднавіць святыню.
“А дзе ўсе тыя, хто з’ехаў за мяжу?! Дзе гэтыя дзве тысячы габрэяў, што жывуць у Бостане?!” – усклікае дырэктар.
Адначасова спадар Беньямін адзначае дапамогу з боку беларусаў і не толькі. Гісторыкі Святлана Марозава, Віктар Саяпін, Вольга Сабалеўская, Іна Соркіна, каталіцкі святар Юзаф Макарчык спансуюць музей тэматычнымі матэрыяламі. Налічваецца сто восемдзясят дакументаў з архіваў, якія перакладаюцца з польскай і нямецкай моваў валанцёрамі, ці за невялікія грошы. Фатограф Яўген Фалееў прапанаваў зрабіць фільм. Падобныя музеі з усяго свету дасылаюць сваю інфармацыю, дзеляцца досведам. Хтосьці падараваў набор нацыянальных лялек. Дырэктар музея плануе зрабіць адмысловы традыцыйны габрэйскі пакой, дзе б знайшлося месца лялькам.
Спадар Беньямін звярнуўся да чытачоў “Твайго стылю” і ўсіх гарадзенцаў з просьбай аб дапамозе ў аднаўленні музея. Можна падзяліцца артэфактамі ці гісторыямі былых часоў. Ёсць патрэба ў фізічнай працы, шукаюць чалавека, які б мог дэкараваць “габрэйскі пакой”. Безумоўна, вітаецца фінансавая падтрымка – мінімальна, каб зрабіць здымкі і заламінаваць іх, у планах набыць яшчэ тры наборы лялек.
Спадар Беньямін гаворыць, што саромеецца ставіць скарбонку для ахвяраванняў, якая стаіць у сінагозе. Замест гэтага ў хуткім часе плануецца зрабіць платныя экскурсіі. Прапанаваць сваю дапамогу можна спадару Беньяміну Ерузаліму па тэлефоне +375447402243, +375297826114.
Падчас экскурсіі выявілася яшчэ адна канфліктная тэма. З аднаго боку габрэяў лічаць таленавітымі людзьмі, самі сябе яны называюць “выбраным народам”, а ксёндз Юзаф Макарчык з Францішканскага касцёла дык наогул на адным сходзе шакаваў прысутных меркаваннем, што мы ўсе паходзім ад габрэяў.
З другога – страх быць габрэем чытаецца ў беларускім менталітэце. Як адзначыў Барыс Максавіч, калючы дрот адгарадзіў не толькі зоны канцлагераў, але і сэрцы: падчас вайны беларусы схавалі вельмі мала габрэяў з-за боязі перад фашыстамі. Калі выкрывалі тых, хто хаваў габрэяў, забівалі ўсю сям’ю.
Расстрэлы ў Гродне адбываліся і побач з сінагогай. Дагэтуль пры раскопках там знаходзяць чалавечыя косці. Маладзён, які добраахвотна дапамагае пры аднаўленні сінагогі, на пытанне, ці адносіць сябе да грамады, паспяшаўся адказаць: “Не. Ці ж я падобны?!”
Што датычыць вядомых гарадзенскіх габрэяў, іх налічваецца каля ста чалавек. Аднак пытанне ўдзельніцы экскурсіі аб славутым тэатральным мастаку сусветнай велічыні Леоне Баксце (аб ім нядаўна пісаў “Твой стыль”) засталося без адказу. Беньямін Ерузалім абяцаў у бліжэйшы час знайсці больш інфармацыі аб гэтым гарадзенцы.
Пры аповедзе гісторый пра ацалеўшых у фашысцкіх канцлагерах: Фелікса Зандмана, Анатоля Ванюкевіча, нядаўна памерлага Рыгора Хасіда, хтосьці з наведвальнікаў пачаў плакаць. “Не плачце, бо і зараз з вамі пачну”, – паспрабаваў апанаваць эмоцыі дырэктар.
Іншая маладая жанчына, разглядваючы экспазіцыі, з усмешкай прамовіла: “Як усё цікава, толькі ў фільмах такое бачыла”.
Лічыцца, што ў Гродне габрэі пачалі жыць ад ХІІ ст., першыя дакладныя звесткі адносяцца да канца XIV ст. Першы будынак гарадзенскай сінагогі быў пабудаваны ў канцы ХVІ ст. па праекце італьянскага архітэктара Санці Гучы. Пасля некалькіх пажараў цяперашні храм быў адбудаваны на пачатку ХХ ст. Ён значна пацярпеў падчас Вялікай Айчыннай вайны, да 1991 году выкарыстоўваўся як сховішча. |
||
Здымкі аўтаркі