У першым гарадзенскім паэтычным слэме перамог Валера Руселік
Слэм аб’яднаў вельмі розных выступоўцаў: паводле полу, узросту, статусу і паэтычнага здабытку. Шляхам лёсавання была вызначана чарговасць выступаў. Кожны прачытаў па два вершы і ніхто ані разу не перакрочыў адведзеныя для выступу пяць хвілін.
Вядучыя Хрыся Марчук і Лёша Шота
Лёсаванне
У слэме ўзялі ўдзел гарадзенскія паэты Ала Петрушкевіч, Святлана Куль, Ганна Аўчыннікава, Святлана Якімава, Валер Руселік, Анатоль Брусевіч, Антон Янкоўскі і Артур Камароўскі. Большасць удзельнікаў абрала цалкам традыцыйны спосаб дэкламавання вершаў, таму слэм атрымаўся вельмі падобны да звычайнага чытання паэзіі.
Антону Янкоўскаму давялося выступаць першым
Артур Камароўскі, Анатоль Брусевіч
Святлана Якімава, Святлана Куль
Ганна Аўчыннікава, Ала Петрушкевіч
Пераможцу можна назваць сапраўды “народным паэтам”, бо яго абралі ў галасаванні прысутныя. Валеру Руселіку (на здымках ніжэй) ў свае пяць хвілін удалося прачытаць вершы адначасова і пра каханне і пра Гародню, а таксама ўступіць у жартаблівую дыскусію з вядучым. Ён, дарэчы, максімальна выкарыстаў адведзены час – выступ заняў 4 хв 52 сек.
Ганаровымі гасцямі мерапрыемства былі Данута Бічэль (на здымку) і Аляксей Пяткевіч. Данута Янаўна расказала прысутным пра тое, як у савецкія часы літаратуру ацэньвалі не чытачы, а партыя і пра тое, як арганізоўваліся ў пачатку 90-х спаборніцтвы сярод тых, хто ведаў на памяць найбольш вершаў Максіма Багдановіча. Па словах Дануты Янаўны, у іх заўсёды перамагаў Алесь Краўцэвіч.
Аляксей Пяткевіч (на здымку злева) выступіў у канцы мерапрыемства і ўручыў пераможцы падарунак, падрыхтаваны арганізатарамі слэму ГА “Цэнтр “Трэці сектар”. Вядомы гарадзенскі літаратуразнаўца вельмі цёпла і пазітыўна выказаўся пра ініцыятыву, якая аб’яднала гумар, лірыку, цікавых выступоўцаў і ўдзячную публіку.
Усе ўдзельнікі атрымалі таксама падарункі ад кніжнай серыі “Гарадзенская бібліятэка” – арганізацыйнага партнёра слэма.
Музычнае афармленне мерапрыемства забяспечваў дуэт “Раса мечтателей”, які выканаў некалькі кампазіцый на вершы беларускіх паэтак.
Відэа са слэму глядзі тут! | ||
Здымкі Яна Лялевіча