Гітары з Гродна ведаюць ва ўсім свеце

|

Усё пачалося ў 1991 годзе, калі гэта было захапленнем. Уласная майстэрня з’явілася ў 2007 годзе. Да гэтага гітары рабіліся ў кватэры, у гаражы, у майстэрнях сяброў.

Я хацеў навучыцца іграць на гітары, але музыка з мяне не выйшаў. Жыццё распарадзілася так, што замест таго, каб іграць, я стаў іх рабіць.


Спачатку гэта былі электрагітары, потым я пераключыўся на класічныя. Мяне натхніў гарадзенскі гітарыст Уладзімір Захараў. Ён паспрабаваў выклікаць маю цікавасць да гэтай справы. Сказаў, што гэта сапраўды карысна, я паспрабаваў і ў мяне атрымалася.

Потым я стаў рабіць і іншыя інструменты. Напрыклад, калі зачынілася Барысаўская фабрыка музычных інструментаў, многія сталі казаць пра тое, што мне варта рабіць цымбалы. У нейкі момант паспрабавалі, нешта атрымалася і нас сталі хваліць. Да гэтага часу іх робім”.

 

Працэс вытворчасці гітары ад пачатку і да канца можа займаць некалькі месяцаў. Але з-за таго, што вялікая частка часу ідзе на склейванне дэталяў і сушку, адначасова можа вырабляцца і пяць гітар.

Гучанне інструмента залежыць ад матэрыялу вытворчасці. У большасці выпадкаў верхнюю дэку робяць з кедра або елкі, грыф з махагона, накладку з палісандра або эбенавага дрэва. Для інкрустацыі выкарыстоўваюць ракушкі. Матэрыялы купляюцца ў Расіі, Беларусі і іншых еўрапейскіх краінах.

Самы папулярны матэрыял у вырабе корпуса – елка, таму што ў шматлікіх людзей гэты матэрыял выклікае пазітыўныя асацыяцыі.

 

Драўляную інкрустацыю на верхняй дэцы для маіх гітар робіць бацька. Цяпер з адным заказчыкам вядзецца размова аб інкрустацыі грыфа замест ракавінак косткай. Яшчэ для аднаго чалавека, які збіраецца ў паездку па Індыі, робім мініяцюрную гітару. На “галаве” з перламутру па яго замове ўжо нанеслі індыйскі сімвал Ганеш”.

Гітара, зробленая для Уладзіміра Пугача. Той палічыў яе лепшай за свой стары акустычны Gibson

 

Акрамя заказной сімволікі гітарны майстар інкрустуе інструменты сваім адметным знакам “К”: гарызантальна – гэта першая літара прозвішча, вертыкальна – сілуэт птушкі.

 

Акрамя класічных гітар Андрэй Кібінь робіць гітары-вэстэрн, а яшчэ майстру прыходзілася рабіць і гітары па матывах фламенка. Таксама гарадзенскія гітары купляюць многія маладыя гітарысты, якія граюць у стылі Fingerstyle.

У арсенале Андрэя гітары для блюз-фанк-рок гітарыста Ігара Бойкі, расійскага музыканта-мультыінструменталіста, акцёра мюзіклаў “Метро” і “Нотр-Дам дэ Пары” Цімура Вядзернікава, беларускага гітарыста Паўла Кухты.

 

Ёсць кліенты з Амерыкі, Японіі, Польшчы, Італіі, Францыі, Германіі, Англіі, Расіі. Аднак больш за ўсё гітар прадаецца ў Беларусі.

 

Па цымбалам ёсць цікавыя адгалоскі ў Яраслаўлі, Калінінградзе. Там на іх іграюць людзі, якія самі вучыліся ў Беларусі, альбо іх настаўнікі завезлі туды цымбалы. Аднойчы рабілі цымбалы, якія муж замовіў у падарунак сваёй жонцы-музыцы”.

Гітары таксама купляюць у падарунак. Цана інструмента пачынаецца з 400 даляраў, кошт цымбалаў вагаецца каля 1 000 у.а.

 

Кошт залежыць ад матэрыялу і канструкцыі. Напрыклад, цымбалы вельмі няпросты інструмент для вырабу. Калі заканчваеш іх рабіць, гэтыя грошы зусім не здаюцца лёгкімі”.

 

Свае гітары Андрэй Кібінь пастаянна прадстаўляе на міжнародных выставах.

“У 2011 я быў першы гітарны майстар з СНД на выставе Musik Messe Frankfurt ў Германіі. Пасля гэтай выставы адна з маіх гітар з’ехала ў Амерыку разам з Томі Эмануэлем.

У красавіку гэтага года акрамя мяне з Беларусі былі ўжо і мінчане, якія прадстаўлялі свае электрагітары”.

З майстэрні гітары выходзяць ужо гатовыя да ігры. Да гэтага майстры, якія працуюць у майстэрні Андрэя, правяраюць іх.

 

Цікава параўноўваць гітары па гуку, калі яны толькі-толькі гатовыя. Калі выкарыстоўваліся адны і тыя ж інструменты, то па гуку іх можна не адрозніць. Ужо з часам, калі інструмент пабывае ў руках чалавека, можна пачуць розніцу ў гучанні”.

Для акустычнага інструмента прынцыповы момант у тым, каб ён добра гучаў у любых месцах і ўмовах: на канцэртах, у студыі ці на вуліцы. Пры выбары акустычнага інструмента самае важнае – гук.

 

Калі ўспомніць, то ў пэўны момант жыцця мне трэба было вырашыць, чым усё ж сур’ёзна займацца. Я зрабіў выбар і спыніўся на вытворчасці гітар. Спачатку гэта было для сябе, таму што мне гэта падабалася. Але калі праца падабаецца, становіцца ўсё роўна: для сябе гэта рабіць ці для іншых”.

 

Фота аўтаркі, jmors.by i belapan.com