Нігерыйскі студэнт: “Беларусы не хочуць знаёміцца і сябраваць з іншаземцамі”
ТС: Навошта ты прыехаў у Беларусь?
І.: Вучыць рускую мову. Але ад моманту, калі я сюды прыехаў (студзень мінулага году – рэд.), мне падаецца, што студэнты-замежнікі не маюць права працаваць тут. Таму мне цяжка жыць тут. Таму я не магу больш працягваць вучобу на Беларусі. Я ці вярнуся дадому, ці паеду ў суседнюю краіну працягваць вучобу: у Польшу ці Канаду. Я б хацеў, каб студэнты мелі права працаваць хаця б у час канікул.
Як ты ставішся да часу, праведзенага на Беларусі?
Ад моманту, калі я прыехаў сюды, я не магу знайсці сабе сяброў. Нічога не прыносіць мне радасці. І думаю, што гэта не з-за таго, што я не валодаю рускай мовай. У апошні час у мяне з’явілася толькі адзіная сяброўка, з якой я магу размаўляць пра жыццё, бачыцца.
Ці ты сябруеш з іншымі нігерыйскімі студэнтамі?
Яны мае сябры, так. Але я іх бачу кожны дзень. Я не патрабую ведаў, якія маюць іншыя студэнты з Нігерыі. Я не маю часу, каб сядзець з адназемцамі. Я хачу іншага досведу камунікацыі з прадстаўнікамі беларускай ці польскай культуры.
Чаму ты не хочаш вучыцца ў Нігерыі?
Я хачу вандраваць, я чалавек, які патрабуе прыгодаў. Я хачу камунікаваць з іншаземцамі. Кожны год я іх бачу: чорных, чорных, нігерыйцаў, нігерыйцаў… Таму аднойчы я вырашыў паехаць, можа, у Вялікабрытанію, ці ў Канаду, ці ў ЗША.
Аднойчы мае сябры паехалі вучыцца ў Беларусь і паклікалі мяне. Тады я не ведаў, ці Беларусь добрая краіна, ці не. Але яна мне здавалася даволі спакойнай, што тут больш бяспекі, няма рабаванняў банкаў, як у многіх іншых краінах – ЗША, Вялікабрытаніі, Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы.
Маё стаўленне да Беларусі змянілася ў адзін дзень. 26 снежня я ішоў па вуліцы. Насустрач ішла кампанія маладзёнаў, якіх я бачыў упершыню. Яны пачалі нецэнзурна мяне ганіць. Гэта было ў поўдзень. Адзін з іх ударыў мяне проста ў твар. Адгэтуль Беларусь больш не прыносіць мне радасці. Падобнае адбываецца амаль штодня: гарадзенскія хлопцы ці абражаюць, ці б’юць мяне. Я падышоў да міліцыянера ў нашым каледжы, патлумачыў яму, што здарылася. Ён жа нічога не зрабіў, маўляў, ён гэтым не займаецца.
Іншая справа ў тым, што ў каледжы мне сказалі, што сканчаецца мая беларуская рэгістрацыя і я мушу выехаць дадому. Мне патлумачылі, што гэта беларускія правілы. Мне далі час знайсці грошы і набыць квіток дадому. Гэта вельмі дорага.
А колькі каштуе квіток да Нігерыі?
1-2 тысячы даляраў. Мае бацькі абяцалі даслаць мне грошы, але пакуль не дасылаюць. Калі я не набуду квіток, мяне дэпартуюць. Мне далі яшчэ 15 дзён. Адна знаёмая жанчына сказала, каб я не пераймаўся, бо ўсе студэнты давучваюцца да канца.
align=”left” alt=”студэнт з Нігерыі, студент из Нигерии” >
Я люблю Беларусь, бо гэта спакойнае месца. Але мне падаецца, што 90% беларусаў не гавораць па-англійску, некаторыя ж гавораць толькі крыху. Беларусы, не ведаю чаму, не хочуць знаёміцца і сябраваць з іншаземцамі. Яны не хочуць зрабіць нас шчаслівымі, хаця маюць добрае кіраўніцтва. Яны глядзяць на нас як на людзей з іншай планеты, з іншага свету, толькі дзеля іншага колеру скуры. І гэта нядобра.
У нашай краіне мы ставімся да ўсіх белых людзей як да князёў ды князёўнаў. Мы даем ім шматлікія прывілеі, даем ім усё, што яны хочуць. А ў Беларусі да нас ставяцца дрэнна, многія вяртаюцца ізноў у Нігерыю.
Чорнаскуры ніколі не хоча весці пасіўнае жыццё: толькі есці ды спаць без аніякай працы ці вучобы. Мне падаецца, што шмат беларусаў у той жа час не працуюць, співаюцца, нічога не робяць, прызвычаіліся быць лянівымі. Для нас цяжка не працаваць. У Нігерыі і вучацца, і працуюць адначасова.
Колькі гадзін ты на занятках?
6-10 гадзін, у нас няма сталага раскладу. Часцей з 8.00 да 16.30.
Якія прадметы вывучаеш?
Рускую мову, літаратуру і штосьці накшталт гісторыі Беларусі – пра славутасці Беларусі і Гродна. Нам расказвалі пра Гродзенскі драмтэатр, храмы, вуліцы. На гэтым прадмеце мы глядзім шмат фільмаў, напрыклад “Анна Карэніна”, чытаем творы расейскіх пісьменнікаў. Я ўсё разумею па-руску, але не ўсё магу сказаць.
А што ты тут робіш пасля вучобы?
Я не магу тут нічога рабіць. Я спрабаваў знайсці працу ў краме – мне не дазволілі. Пасля заняткаў я іду ў царкву, іду ў краму, набываю прадукты, гатую есці, прымаю душ, размаўляю са сваімі сябрамі з Нігерыі, з Камеруна, размаўляю праз Facebook, Skype, Вконтакте з мамай, роднымі, сябрамі. Мы размаўляем з мамай штодня па 10-30 хвілін. Калі б у мяне не было інтэрнэта, як бы я выжыў у гэтай краіне? Як бы камунікаваў з сябрамі і бацькамі?
Ці такі лад жыцця ўва усіх нігерыйскіх студэнтаў? Што робяць іншыя?
Іншыя студэнты падарожнічаюць, маюць сяброў, сябровак, разам бавяць час, ходзяць на дыскатэкі… Калі я пайшоў на дыскатэку, ніводная дзяўчына не захацела танцаваць са мной, цураліся: “Не! Увогуле!”
Мае сябры таксама хадзілі на дыскатэкі ў “Альфу”, у “Калізей”, але беларускія хлопцы білі іх, білі патаемна ў прыбіральнях. Таму многія нігерыйцы перасталі хадзіць туды.
А як табе ўмовы ў інтэрнаце?
Я не магу наракаць, бо не маю іншых магчымасцяў. Інтэрнат нам прадастаўляе дзяржава, наш каледж. Каб жыць у іншым месцы, здымаць кватэру, я павінен мець права працаваць і зарабляць грошы.
Колькі каштуе пражыванне ў інтэрнаце?
Я не ведаю. Я заплаціў адразу за ўвесь час. Мне падаецца, што кошт не вельмі вялікі.
Адкуль ты бярэш грошы, каб утрымліваць сябе?
Калі я толькі прыехаў, я меў грошы, але яны скончыліся, бо я ем кожны дзень, карыстаюся транспартам, даю міласціну бедным, набываю розныя рэчы… Мае бацькі дасылаюць мне грошы ўвесь час. Гэта баліць мне найбольш.
Мне 27 год, і я не станаўлюся маладзейшым. У маёй краіне ў 18 год малады хлопец ужо сапраўдны мужчына. У 20 – ён забяспечвае бацькоў грашыма, а не бацькі – яго. Але я не ў сваёй краіне. І ўвесь час прашу: “Дашліце мне грошы, дашліце мне грошы…” Я нешчаслівы з-за гэтага. Калі б я меў грошы, ажаніўся б…
Ці іншыя нігерыйскія студэнты застаюцца жыць і працаваць у Беларусі?
Некаторыя студэнты маюць прывілей вучыцца на наступным курсе (пасля авалодання рускай мовай – рэд.). Але я не ведаю чаму выкладчыца сказала, што толькі мы з сябрам удваіх з усяго курсу мусім выязджаць дадому. Можа, я ёй не падабаюся ўвогуле? Можа, яна лічыць, што я нядобры хлопец? Можа, ненавідзіць мяне?
Але я не прапускаю заняткі, наведваю ўсе. Я толькі адзін раз прапусціў, калі ездзіў у Мінск пабачыцца са сваім братам, і яшчэ адзін раз спазніўся. Можа, яна вырашыла, што я недастаткова моцны, каб працягваць вучобу?..
Мае бацькі чамусці не дасылаюць мне грошы. А яны ж бізнэсмены, яны трымаюць вялікі рэстаран. У сваёй краіне я працаваў, я еў удосталь, жыў асобна ад сваіх бацькоў, адзін, хадзіў, куды хацеў, рабіў, што хацеў. А гэта не мая краіна, я не магу рабіць тут нічога.
Ці цяжка для беларуса жыць у Нігерыі?
Для беларуса, для кожнага белага зусім няцяжка. Мы ставімся да вас як да дачкі прэзідэнта, як да прынцаў, каралёў…
Але чаму?
Таму што нядобра сустракаць гасцей дрэнна. Ці ж калі госць будзе сасмяглы, я не падам яму вады? Альбо будзе галодны, ці падам яму пясок? Калі ты запросіш мяне ў госці, то напэўна добра мяне сустрэнеш – дасі мне соку, падасі добрыя стравы. Мы будзем есці, танцаваць. Вось як мы ставімся да іншаземцаў у нашай краіне. Але я не бачу гэтага ў вашай краіне, асабліва ў маім каледжы. Але я шчаслівы, бо маю што есці, бо маю жыццё.
З.Ы. Як мы даведаліся ўчора, нягледзячы на тое, што Ігначыус меў, паводле яго ўласных слоў, выехаць з Беларусі цягам 15 дзён, ён працягвае знаходзіцца ў Гродне. | ||