“Твой стыль” аб’яўляе прыём прац на экалагічны фотаконкурс

|

Стан навакольнага асяроддзя – пытанне, якое мусіць хваляваць грамадства, асабліва на мясцовым узроўні, дзе многія праблемы або дасягненні бачныя найлепш. Тамсама павінны адбывацца першачарговыя дзеянні па вырашэнні праблемных пытанняў ці па інфармаванню насельніцтва.

 

Менавіта з мэтай звярнуць увагу на прыроду і экалагічную сітуацыю Гарадзеншчыны абвешчаны фотаконкурс “Эка-вандроўка па Гародні”. Нашай мэтай мы бачым інфармаваць грамадства пра разнастайную дзейнасць па ахове прыроды, а конкурс – выдатны сродак для гэтага.

 

     
 

Арганізатары конкурса: гарадзенская інтэрнэт-газета “Твой стыль”, Таварыства “Зялёная сетка”, Гродзенскі абластны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і Орхускі цэнтр г. Гродна (у межах сумеснага праекта Еўрапейскага саюза і Праграмы развіцця ААН “Садзеянне развіццю ўсеабдымнай структуры міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Рэспубліцы Беларусь).

 
     


Конкурс фотаздымкаў праводзіцца ў наступных катэгорыях:

 

1. ЭкаInstagram – жыццё, знятае на мабільныя прылады з дапамогай прыстасавання Instagram. Абавязковай умовай з’яўляецца адлюстраванне тэматыкі прыроды ці эканоміі.

 

2.Турбуе кожнага: Эка-праблемы горада – усё, што ўдзельнікі лічаць няправільным, шкодным і неэкалагічным, што іх трывожыць і што яны лічаць праблемай.

 

3. Эка-ідэя – прымаюцца здымкі, на якіх выяўленыя рэалізаваныя эка-ідэі: арыгінальнае паўторнае выкарыстанне матэрыялаў, спосабы беражлівасці і г.д. Лічыцца крэатыўнасць!

 

4. Адчуваеш розніцу? – прымаюцца калажы або пары фотаздымкаў, якія паказваюць адрозненні ў сферы прыроды і экалогіі: як “у іх” і як “у нас”. Здымкі мусяць быць зробленыя ў розных мясцінах: краінах, рэгіёнах, гарадах і г.д.

 

5. Спецыяльная намінацыя ад Таварыства “Зялёная сетка” Мой падарунак планеце. У гэтую намінацыю прымаюцца адлюстраванні ў фотаздымках карысных звычак, штодзённых спосабаў зрабіць навакольны свет чысцейшым і лепшым для пражывання.

 

Прадугледжаны таксама прыз па выніках галасавання ў сацыяльных сетках.

 

Умовы конкурса:

 

Фотаздымкі на ўдзел прымаюцца з 3 да 17 траўня ўключна. З 18 да 21 траўня праходзіць галасаванне на сайте “Твой стыль”, а таксама ў сацыяльных сетках “Вконтаке” і “Facebook” (у групе “Будзь у Трэцім” і на старонцы “Твой стыль” адпаведна) і выбар пераможцаў членамі журы. У журы ўвойдуць прадстаўнікі арганізатараў конкурса і вядомыя фатографы. Цырымонія ўзнагароджвання адбудзецца 5 чэрвеня 2013 г. Менавіта ў гэты дзень адзначаецца сусветны дзень аховы навакольнага асяроддзя.

 

Ад аднаго ўдзельніка прымаецца максімальна 5 фотаздымкаў. Яны могуць быць дасланыя як у адну, гэтак і ў розныя катэгорыі. Фотаздымкі мусяць быць зробленыя на Гарадзеншчыне (абавязковая ўмова – пазначэнне месца здымкі) або жыхарамі Гарадзеншчыны.

 

Атрыманыя здымкі публікуюцца на сайце “Твой стыль”, а таксама на сайце Орхускага цэнтра г. Гродна.

 

Дасылаючы здымкі на конкурс, аўтар аўтаматычна пагаджаецца на іх публікаванне і выкарыстанне рэдакцыяй “Твайго стыля” і Орхускім цэнтрам г. Гродна у некамерцыйных мэтах.

 

Фота неабходна дасылаць на адрас: info@t-styl.info. Неабходна абавязкова пазначаць якое фота ў якую катэгорыю заяўляецца! У лісце мусяць быць звесткі пра ўдзельніка: імя і прозвішча, e-mail і мабільны тэлефон.

 

Памер фотаздымкаў: не менш за 2500 па доўгім баку (акрамя намінацыі Instagram, дзе памер можа быць меншы).