“Нёман” – “Нафтан” або Аўтастопам на футбол

Дождж, траса, здаецца ніхто і не спыніцца, але адступаць мы не прывыклі. Будзем стаяць да канца.

 

Для пачатку мы падыйшлі на стаянку каля запраўкі, але там, на жаль, нас ніхто не ўзяў. Калі вырашылі стаць ля дарогі, то ўжо праз 10 хвілін спынілася мілая жанчына на вельмі крутой машыне. Шкада, што нам было не па дарозе.

Усё ж доўга мокнуць не прыйшлося: праз дзве хвіліны ў метрах 100 ад нас спыняецца мужчына з віцебскімі нумарамі. Як аказалася, ён чакаў сябра. Але паколькі ехаў у патрэбным накірунку, пагадзіўся нас узяць.

 

Праз тры гадзіны мы былі ў самым старажытным горадзе Беларусі. Полацк і Наваполацк падзяляе 18 кіламетраў. У Полацку было іншае надвор’е, дажджу не назіралася, а пасля нават паказалася сонца.

 

Пагуляць па горадзе не атрымалася, прыйшлося ехаць адразу ў Наваполацк, каб паспець на 17.00 на гульню “Нёмана”. Даехалі на звычайным гарадскім аўтобусе. Малады горад рассцілаўся ўздоўж адной вялікай вуліцы, таму стадыён знайсці было не складана.

У краме, куды мы зазірнулі, каб купіць чаго-небудзь папіць, сутыкнуліся з адной з праблем беларускага футбола. Сок набыць змаглі, але ў аддзелы з алкагольнай прадукцыяй у крамах ля стадыёна аказаліся зачыненымі. Мы намагаемся, каб продаж дазволілі, як-ніяк людзі ідуць на адпачынак, а тут усё наадварот…

Ежы набываць не прыйшлося – мы мелі стратэгічны запас

 

На стадыёне мы сутыкнуліся з чарговай праблемай. Усе клубы імкнуцца перайсці на сістэму сцюардаў, а тут усё наадварот: міліцыі ледзь не больш чым заўзятараў, хлопцы ў форме стаяць кожныя тры метры. Стадыён таксама не з лепшых. Мала таго, што там няма асвятлення, дык там яшчэ старыя, савецкія бегавыя дарожкі, такія ж і трыбуны.

Што тычыцца самой гульні, то нашых хлопцаў, можна сказаць, сурочылі пасля матчу з “БАТЭ”. Чарговы матч няўпэўненую гульню паказвае каманда Сяргея Саладоўнікава. За 90 хвілін гарадзенцы стварылі тры стопрацэнтных моманты, але рэалізаваць іх не атрымалася.

“Нафтан” жа гуляў у свой футбол і меў моманты, каб выйсці наперад, але Чэрнік выратоўваў “Нёман”. Матч так і скончыўся з нулямі на табло – гульні не было ніякай. Які раз мы ўжо гаворым пра гэтую рэалізацыю? Але трэнер верны Лясюку, ды можа проста не шанцуе Андрэю.

А чаму б адразу не выпусціць таго ж Лачнаго або Сеаліна? Потым будуць казаць, што легіянеры “мёртвыя”. Канешне, калі па 10 хвілін у матчы гуляць, то нічога толкам не зробяць. Тыя ж Кавалёнак і Крывабок маглі б нядрэнна дапамагчы камандзе. Дык не, ідзе амаладжэнне складу. Добра, спадар Саладоўнікаў, паглядзім што будзе далей.

 

Пасля матчу мы адправіліся ў прагулку па Полацку. Горад спачатку не спадабаўся, але калі мы зазірнулі ў яго сэрца, то на нейкі час здалося, што мы ў сапраўдным еўрапейскім горадзе. Цэнтр сапраўды прыгожы, а вось ўскраіна…

Акрамя матчу атракцыяй быў побыт у сапраўдным “цэнтры Еўропы”

 

Каля Сафійскага сабора сустрэлі хлопцаў і дзяўчат з расійскага Яраслаўля ды падзяліліся ўражаннямі аб горадзе. Аказалася, што яны летась былі ў Гродне, вось толькі нічога не пабачылі, бо не знайшлі гіда.

 

На развітанне нашыя выпадковыя знаёмыя сказалі: “Ведаеце, мы заўсёды думалі, што Беларусь, гэта краіна падобная на Расію, але цяпер разумеем, што беларуская культура і народ бліжэйшыя да Еўропы. Мы вывучалі гісторыю, а аказалася, што не тую…”

 

Каб вярнуцца дадому мы скарысталіся паслугамі Беларускай чыгункі.


Выдаткі:

Дарога туды – аўтастоп.
Дарога назад – 26.000 рублёў (цягнік Полацк-Мінск)
Квіток на футбол – 20.000 рублёў (я прайшоў бясплатна)
Асабістыя выдаткі – 30.000 рублёў

Паездка ў Полацк абышлася ў 56.000 рублёў


P.S. Пы выніках “Нёман” застаўся ў тройцы лідараў. Першым размясціўся салігорскі “Шахцёр”, з якім нам трэба будзе гуляць 11 мая ў Гродне.