У Гродне размаўляюць пра турыстычную прывабнасць літоўска-беларускага памежжа

У часе побыту ў Гродне новы амбасадар Літвы ў Беларусі Эвалдас Ігнатавічус (на здымку) паведаміў, што літоўскі бок зацікаўлены ў распрацоўцы сумесных турыстычных праектаў.

 

Асабліва цікавым для абодвух бакоў мог бы стаць абмен замежнымі турыстамі. Для гэтага трэба распрацаваць сумесны турпакет для людзей, зацікаўленых у наведванні беларуска-літоўскага памежжа – сказаў амбасадар на сустрэчы ў аблвыканкаме.

 

Гэтак, у блізкія да Гродна Друскенікі прыязджае шмат турыстаў са Скандынавіі, якіх маглі б зацікавіць храмы і замкі Гарадзеншчыны.

 

Працяг абмеркавання турыстычных магчымасцяў дзвюх краін адбудзецца заўтра ў свабоднай эканамічнай зоне “Гроднаінвест”.

 

Сёння ў часе сустрэч былі агучаныя таксама некаторыя лічбы адносна гандлёвага супрацоўніцтва Гарадзеншчыны і Літвы. Гэтак, за першыя тры месяцы 2013 года таваразварот паміж вобласцю і Літвой павялічыўся на 11,8% у параўнанні з мінулым годам. Доля Літвы ў таваразвароце вобласці складае 4,2% (экспарта – 4,4%, імпарта – 3,8%). На Гарадзеншчыне працуе 132 арганізацыі з літоўскім капіталам.

 

Дні Літвы ў Беларусі прымеркаваныя да старшынства Літвы ў Еўрасаюзе, якое будзе мець месца ў другой палове года.

 

Здымак ctv.by