Фотавыстава “Эльфы ля тваіх ног” прыехала ў Гродна

Героямі карцін сталі грыбы, травы, лісты, казуркі. “Жывой гісторыяй прыроды” назвала гэтую выставу гаспадыня галерэі спадарыня Марыся Мацко.

 

Аўтар праекта Сяргей Пушкін думае, што тэхніка – гэта не найважнейшае ў фатаграфіі. “Гэтыя здымкі не проста аб травінках ды кусціках, – тлумачыць спадар Сяргей. – Чалавек, калі глядзіць на прыроду, бачыць штосьці і аб сабе”.


 

Спадарыня Марыся мяркуе, што нават у прыгожай рознакаляровай прыродзе падгледзіць і зрабіць добры здымак можа толькі мастак. “Бо ўсё, што стварае мастак, ён у кагосьці падглядае, – гаворыць гаспадыня галерэі. – Усё калісьці было створана: першапачаткова наша планета Панам Богам, таму  мы толькі вучні ў натуры, у іншых мастакоў”.

 

Ідэя праекту на экалагічную тэматыку з’явілася чатыры гады таму. Але здымаць смецце на прыродзе не вынесла душа фатографаў, таму збанкі-склянкі не трапілі ў кадр. “Расліны і жывёлы – гэта істоты, якія патрабуюць пашаны”, – такое пасланне аўтары нясуць праз сваю выставу.

 

Праект ствараўся не за адзін дзень. Працоўныя дні ў розных лясах доўжыліся па 6-8 гадзін. Знаёмыя фатографаў падказвалі ім жывапісныя краявіды, грыбныя месцы з умовай, што яны не будуць збіраць грыбы.


Усе грыбы, якія засталіся на фота, не былі пасля пакладзеныя ў кошык.

 

Наталля (гродзенка, цяпер жыве ў Маскве) і Сяргей (масквіч) – вядомыя фатографы, удзельнікі міжнародных пленэраў, выставаў, конкурсаў у Германіі, Польшы, Украіне, Расіі, Беларусі. Яны сужонкі, хаця прозвішча, што прыгадваюць беларускага і рускага паэтаў, кожны пакінуў сваё.


align=”” alt=”Image 30317″ >

У працах – запрашэнне да разважання (“Кама грядзешы?” з выявай слімака, што паўзе па сцяблінцы), замілаванне (“Спі мая радасць, засні”), жартаўлівасць (“Добрымі сябрамі нельга насыціцца” з мухай ля грыбу, “Тыгр, які крадзецца” з казуркай, што набліжаецца на гледача).


 “Узірайцеся не толькі ў гэтыя здымкі, але і навокал сябе!”, – заахвоціў Сяргей Пушкін напрыканцы.

 

Выстава будзе працаваць у “Крызе” да 20 траўня.


Фотаздымкі Яна Лялевіча