У Гродне адкрыўся фестываль лялечных тэатраў “Лялькі над Нёманам”

| Без катэгорыі

Тэатры-ўдзельнікі выступяць на двух сцэнічных пляцоўках: на сцэне Драматычнага тэатра і ў Тэатры Лялек.

 

У праграме дзевяць спектакляў для дзяцей і сямейнага прагляду і тры для моладзі і дарослых. Рэпертуар складзены для зручнасці гледачоў, каб тыя маглі паглядзець усе спектаклі без выключэння.

 

align=”left” alt=”Алег Жугжда” >Паводле слоў мастацкага кіраўніка фестывалю Алега Жугжды, гэта хутчэй свята мастацтва тэатра лялек, але пакуль не фестываль.


“Я спадзяюся, што ў наступным гэта падзея стане фестывалем і Гродна будзе тэатральным цэнтрам. Гродна – адзіны абласны горад, у якім яшчэ няма тэатральнага фестывалю”.

 

За час свята журы вызначыць пераможцаў у сямі намінацыях: Гран-пры (“Лепшы спектакль”), “Лепшая праца рэжысёра”, “Лепшая праца мастака-пастаноўшчыка”, “Лепшы акцёрскі ансамбль”, “Лепшая мужчынская роля”, “Лепшая жаночая роля”, “Лепшае музычнае афармленне спектакля”.

Журы не будзе прымаць удзел у абмеркаваннях. Абмяркоўваць спектаклі яны могуць толькі ў сваіх закрытых кулуарах. Пры галасаванні будзе ўлічвацца не большасць галасоў, а адзіны кансэнсус. Так, на думку арганізатараў, выбар журы будзе па-сапраўднаму аб’ектыўным і дэмакратычным.

Таксама на свяце-фэсце прысутнічаюць крытыкі і тэатразнаўцы з Масквы, Санкт-Пецярбурга, Екацярынбурга, Харкава і Варшавы.


Тэатразнаўцы Наталля Зайцава і Таццяна Кузаўчыкова, Санкт-Пецярбург:

 

“Мы даўно ведаем Гродзенскі тэатр лялек і сочым за яго спектаклямі. Добрая практыка, калі добры рэжысёр мае свой фестываль. Творчасць Алега Жугжды выклікае вялікую цікавасць.

 

З праграмы было відаць, што ў Гродне пакажуць шмат добрых спектакляў. Бо фестываляў шмат, а добрых адзінкі.

 

Мы ведаем са спісу многіх рэжысёраў, таму фестываль абяцае быць вельмі цікавым. Праграма вельмі кампактная і не перанасычаная падзеямі”.

 

Гродзенская публіка на свяце-фэсце ўбачыць спектакль “Чароўны пэндзаль” Магілёўскага тэатра лялек, які ў мінулым годзе атрымаў II Нацыянальную тэатральную прэмію Беларусі ў намінацыі “Лепшы спектакль для дзяцей”.

 

Свята-фестываль арганізаваны для папулярызацыі жанру і прыцягнення ўвагі жыхароў да Гарадзенскага тэатра лялек.

 

Алег Жугжда: “Фестываль можа і павінен быць штогадовым, для таго, каб пра яго не забывалі. Колькасць удзельнікаў і краін досыць шырокая і штогод можа вар’іравацца. Гэта трэба для таго, каб падзея стала прыкметнай для горада, трэба замацавацца на гэтым месцы і дасягнутым рубяжы.”

 

Арганізатарамі міжнароднага свята тэатральнага лялечнага мастацтва выступілі Гродзенскі абласны выканаўчы камітэт, Упраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскі абласны тэатр лялек.