“Гародня без фары Вітаўта – гэта не Гародня!”
Па словах каардынатара серыі Эдварда Дмухоўскага ідэя выдання кнігі і дыска паўстала ўжо даўно.
“Была вялікая зацікаўленасць гісторыяй гэтага касцёла. Ёсць мноства артыкулаў на гэтую тэму, а суцэльнага выдання не было. Вось мы і вырашылі гэта ўсё размясціць пад адной вокладкай. Падумалі, што прэзентацыю можна зрабіць на сумны юбілей – 52 гадавіну разбурэння гэтага касцёла”.
На дыску змешчаны артыкулы беларускіх і літоўскіх гісторыкаў па гісторыі касцёла з моманту яго заснавання да моманту разбурэння і мноства ўнікальных фатаграфій.
align=”left” alt=”Сяргей Харэўскі” >У рамках прэзентацыі мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавёў пра тое, што падобныя разбурэнні закранулі не толькі гарадзенскія архітэктурныя аб’екты. Гэтаксама савецкая ўлада знішчыла рэлігійныя помнікі архітэктуры ў Мінску, Брэсце, Полацку, Пінску, Глыбокім і іншых гарадах Беларусі.
“Фара Вітаўта – буйны помнік готыкі не толькі на тэрыторыі Беларусі. Гэтя сапраўды каласальная страта. Гэта частка вашай гарадзенскай ідэнтычнасці і частка нашай беларускай гісторыі”.
Фара Вітаўта была падарваная ў Гродне 29 лістапада 1961 года ў дзве гадзіны ночы па рашэнні выканкама Гродзенскага гарсавета “Аб зносе аварыйнага будынка былога вайсковага касцёла на Савецкай плошчы”.
Гэта быў адзін з самых вялікіх касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Беларусі, які праіснаваў у розных сваіх архітэктурных выявах 600 гадоў.
Эдвард Дмухоўскі:
“У канцы 90-х гадоў гарадзенскія ўлады арганізавалі канферэнцыю, прысвечаную касцёлу, якая праходзіла ў палацы Тэкстыльшчыкаў. Аляксандр Мілінкевіч, які працаваў у гарвыканкаме, сказаў тады: “Гародня без фары Вітаўта – гэта не Гародня!”
Пасля канферэнцыі было прынята рашэнне правесці раскопкі на месцы ўзарванага касцёла, у якіх прымаў удзел адзін з укладальнікаў кнігі гісторык Аляксандр Краўцэвіч.
“Калі ў 1992 годзе пачаліся раскопкі, мы ведалі, што гэта – не звычайныя раскопкі. Мы ведалі, да чаго дакранаемся.
Раней на месцы сквера былі могілкі, дзе пахаваныя ксяндзы, паважаныя гараджане і вернікі. Падчас раскопак месца было цэнтрам гарадскога жыцця. Прыходзілі людзі і мы расказвалі ім аб нашай працы, а старажылы наўзамен расказвалі нам пра месца, якое тут было.
У выніку мы ўбачылі, што якасць падмуркаў было выдатная. Гэты храм мог бы стаяць яшчэ сотні гадоў.
І тады прагучала ідэя зрабіць адраджэнне Фары Вітаўта ў Гродне нацыянальным праектам у краіне, які змог бы аб’яднаць усіх беларусаў. Я веру, што мы гэты касцёл калі-небудзь будзем адраджаць”.
На прэзентацыі гісторыкі Таццяна Касатая і Ігар Лапеха паказвалі макеты Фары Вітаўта.
Таццяна Касатая:
“У нас з’явілася ідэя зрабіць макет Фары Вітаўта, каб любы чалавек мог адчуць сябе архітэктарам і паўтарыць нашу справу. Сам макет зрабіў архітектар Андрэй Шулаеў з чатырох лістов фармату А5.
Гэта дае магчымасць любому чалавеку і нават дзіцяці адчуць сябе аднаўленцам архітэктурнай каштоўнасці, павысіць адказнасць за спадчыну, далучыцца да гісторыі Гародні і палепшыць сваю ідэнтычна-гістарычную памяць”.
Тэма адраджэння Фары Вітаўта лётала ў паветры ўжо даўно. Гэтым касцёлам цікавіцца мноства пакаленняў гісторыкаў, з’яўляюцца новыя тэксты і новыя спрэчкі.
Эдвард Дмухоўскі:
“Да гэтага часу ідуць спрэчкі, што тут было царква ці касцёл. Каб аднавіць касцёл, трэба вырашыть, як ён выглядаў, прыйсці да адзінага меркавання.
На маю думку, тут павінен быць агульны хрысціянскі храм, дзе каталіцкія і праваслаўныя набажэнствы будуць весціся па раскладзе. Напрыклад, ўзоры такіх храмаў ёсць у Чэхіі.
Гэта павінен быць помнік гарадзенцам, якія жылі ў гэтым горадзе, якія стваралі гэты горад, загінулі тут пад машынай таталітарызму, якіх мы памятаем і якімі ганарымся”.
Прэзентацыю наведала больш за 60 чалавек. Кнігу і дыск, якія каштуюць 20 тысяч рублёў, можна набыць, звязаўшыся з каардынатарамі “Гарадзенскай бібліятэкі”.
Прэзентацыя дыска адбылася ў межах “Гарадзенскага Еўрапейскага клубу”.
Здымкі Яна Лялевіча