“Нёман” у шасцёрцы: вынікі матча і першага круга

|

Абедзьве каманды падышлі да матчу не ў найлепшай форме. “Дынама” прайграла “Кубак Беларусі”, а “Нёман” тым часам не мог абыграць супернікаў ужо шэсць матчаў запар… Была патрэбная менавіта перамога, бо ішоў апошні тур першага круга.

Каманды пачалі актыўна і першы небяспечны момант паўстаў менавіта ля брамы “Дынама”. Садоўнічы пасля падачы Дзенісевіча прабіў у штангу, Гутар нават не зварушыўся, гарадзенцам не хапіла крыху да гала.

Праз некаторы час рушыў услед не менш небяспечны адказ ад мінчан, пасля удара Фігерэда Чэрнік ратуе “Нёман”, адводзячы пагрозу ад варот.

Пад заслону першага тайма каманды абмяняліся яшчэ парачкай небяспечных момантаў. Спачатку “Нёман” – Мілаш Лачны, пасля падачы вуглавога, трапіў у перакладзіну. Пасля “Дынама” – Курэля меў гэтакіж выдатны шанец, але Чэрнік добра адбіў і мяч трапіў у перакладзіну, Сычоў на дабіванне не паспеў.

У другім тайме гледачы ўбачылі доўгачаканыя галы, хаця каманды імкнуліся не падпускаць адна адну да сваіх варот. Гэтак “дынамаўцы” даабаранялiся, што сфалілі на Савіцкiм паблізу сваёй штрафной. Да мяча падышоў капітан “Нёмана” Іван Дзенісевіч і дакладна рэалізаваў стандарт, паклаўшы мяч у далёкі кут варот Гутара.

Пасля гала, Саладоўнікаў вырашыў зрабіць замену, памяняўшы стомленага Раўнейка на свежага Яблана. Пасля ён выпусціў і другога нападніка – Лясюка. Што сказаць, не пралічыўся Сяргей Вітальевіч. Лачны і Лясюк рызыгрываюць нядрэнную атаку, якая завяршаецца голам Дзенісевіча. Пасля паўторнага ўзяцця варот “Нёман” асеў у сваёй штрафной і толькі зрэдку пагражаў варотам Гутара.

 

Матч так і скончыўся на карысць “Нёмана”. Што ж, напэўна трэнер “Дынама” Алег Пратасаў пакіне пасаду галоўнага трэнера. Мінская традыцыя са звальненнем у траўні трэнераў яшчэ дзейнічае…

Табліца пасля першага круга чэмпіяната выглядае так. “Нёман” у шасцёрцы наймацнейшых.

 

Месца

Каманда

Гульні

Ачкі

1.

“Шахцёр”, Салігорск

11

26

2.

БАТЭ, Барысаў

11

20

3.

“Гомель”

11

19

4.

“Белшына”, Бабруйск

11

19

5.

“Дынама-Мінск”

11

17

6.

“НЁМАН”

11

16

7.

“Мінск”

11

13

8.

“Тарпеда-БелАЗ”, Жодзіна

11

12

9.

 “Днепр”, Магілёў

11

12

10.

“Дынама-Брэст”

11

11

11.

“Нафтан”, Наваполацк

11

8

12.

“Славія”, Мазыр

11

4

Як мы абяцалi раней, прадстаўляем вашай увазе каментары ад аматараў і знаўцаў гарадзенскага футбола.

 

Віталь Надзіеўскі, былы капітан “Нёмана”, у цяперашні час гуляе ў Польшчы

 

Малайцы. Не магу, вядома ж, даць поўную ацэнку, бо не бачыў многіх матчаў з удзелам “Нёмана”. Але можам смела ацэньваць размяшчэнне ў табліцы. Каманда ішла добра, але пасля матчу з “БАТЭ” пайшоў спад. Веру, што гарадзенцам з такімі выканаўцамі па сілах забрацца значна вышэй. Галоўнае, каб траўмы абыходзілі каманду бокам. Поспехаў, хлопцы!

 

Дзмітрый Бандарчук, грамадскі дзеяч, балельшчык са стажам

 

Да пачатку чэмпіянату “Нёман” падышоў у добрай форме: фізічнай, псіхалагічнай, ды яшчэ і фартуна была саюзнікам. Далейшы спад я звязваю хутчэй з тым, што астатнія каманды выйшлі з сінтэтыкі, на свой узровень, а нашая, на жаль, не змагла стварыць столькі момантаў для ўзяцця варот, каб нападаючыя не экстра-класа змаглі забіць.

Але апошняя гульня ўсяляе надзею. Можа, чарговая светлая паласа футбольнага шчасця надасць упэўненасці камандзе, і ў другім туры ў нас будзе больш пазітыву ад гульні і выніку.


Павел Вашчыла, балельшчык са стажам

 

Калі б не позняя вясна, а з ёй разам гумовыя палі, думаю, “Нёман” набіраў бы свае тры ачкi. Асечка з “Белшынай” і “Мінскам” на выездах – страта 4 ачкоў. З “БАТЭ” была гульня характараў. Шмат што ў першым крузе вызначылі судзейскія рашэнні.

Фізічна каманда падкаваная адсоткаў на 95% (некаторыя гульцы проста фiлоняць на полі часам). Думаю, не гульня з “БАТЭ” стала пачаткам далейшых правалаў, а ўнутрыкамандная атмасфера. Усе верылі ў Лясюка, а ён не апраўдваў даверу ад матчу да матчу. Неабходна было Вітальевічу раней перастаноўкі рабіць.

Але заканчваем першы круг на мажоры: наперад за Гродна! Мы верым у вас, хлопцы!


Ігар Ясінскі, былы гулец гарадзенскага “Нёмана”, у цяперашні час без клуба

 

Каманда выдатна стартавала. Потым не атрымалася выйграць серыю гульняў, але пры гэтым гульня ў каманды была, стваралі шмат момантаў. Па гульні нікому не саступілі. Думаю, што каманда будзе толькі дадаваць.

 

Дзмітрый Сапоцька, балельшчык са стажам

 

Пачалі вельмі добра, быў рух, камбінацыі, рызыка ў вачах, але праз пяць тураў сапернікі прыстасаваліся да гульні нашага клуба, што стала для нашай каманды неспадзяванкай, ды яшчэ і пачалася чорная паласа, ніяк не маглі забіць, хоць моманты былі і прычым месцамі стопрацэнтныя.

Радуе, што нарэшце гэтая чорная паласа падыходзіць да канца, і наша каманда паставіла тлустую кропку, на радаснай ноце завяршаючы першы круг. Спадзяюся, хлопцы працягнуць у тым жа духу і ў другім крузе, галоўнае каб траўмы не падкасілі каманду. Поспеху нашаму клубу і з нецярпеннем будзем чакаць другі круг.

І крыху ад аўтара. Наш чэмпіянат пабудаваны так, што каманды змагаюцца за шасцёркі. І, як бачыце, гульні прыгожай мы не назіраем. Мэта адна – забіць і не прапусціць. Не важны прыгожы футбол, галоўная задача – трапіць у шасцёрку наймацнейшых.

 

Што тычыцца “Нёмана”, то са з’яўленнем Мілаша Лачнага каманда прыкметна ажывілася. Як мы пабачылі ў матчы з “Дынама”, Саладоўнікаў паспрабаваў згуляць у двух нападнікаў, і доўга чакаць не прыйшлося. Лясюк і Лачны разыгралі нядрэнную атаку, якая скончылася ўзяццем варот.

Варта ўспомніць і нашых былых нападнікаў: Дзмітрыя Кавалёнка і Ігара Крывабока. Зміцер  у “Граніце” забіў 3 галы, а Iгар у “Лідзе” – 7 галоў. Разам, толькі ў 6 матчах, былыя нападаючыя “Нёмана” забiлi на дваіх 10 галоў. Вядома, гэта Першая ліга, узровень значна ніжэй і няма барацьбы за шасцёркі. Але цешыць, што нашы хлопцы адзначаюцца. Бо сэрца ў іх жоўта-зялёнае.

Перапынак будзе доўжыцца да сярэдзіны чэрвеня: 15 чысла пачнецца другі круг, “Нёман” будзе сустракацца на выездзе з мазырскай “Славіяй”. Спадзяемся, каманда папрацуе над сваімі памылкамі і пакажа  ў другім крузе значна больш годную гульню!

 

Здымкі з матча dinamo-minsk.by